На беларускую мову ў Слонімскім райвыканкаме не хапае тэхнічных мажлівасцяў

Нядаўна жыхар Слоніма Іван Шэга звярнуўся да старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага з лістом. У лісце слонімец напісаў: “Звярнуцца да Вас з гэтым лістом мяне прымусіла тая акалічнасць, што я, як грамадскі актывіст, з мэтай атрымання пэўных даведак наведваю афіцыйны сайт Слонімскага райвыканкама. Пры гэтым адміністратары сайта мне прапануюць інфармацыю на дзвюх мовах на выбар: рускай і, чамусьці, ангельскай. Як быццам у нас тут жывуць выключна расіяне і брытанцы, ці сайт створаны выключна для іншаземцаў. На сваёй роднай беларускай мове азнаёміцца з матэрыяламі, змешчанымі на сайце, я не магу, бо іх проста няма. Як вядома, ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. Прычым тытульнай нацыяй якраз з’яўляецца беларуская, таму беларуская мова, на мой погляд, з’яўляецца абавязковай для дзяржаўных устаноў. Немагчымасць атрымаць патрэбную інфармацыю на  роднай беларускай мове на афіцыйным сайце – гэта наўпрост дыскрымінацыя беларускамоўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з гэтага, я звяртаюся да Вас з прапановай выправіць сітуацыю і прымусіць адміністратараў сайта  зрабіць беларускамоўны варыянт  усіх матэрыялаў на афіцыйным сайце Слонімскага райвыканкама. Маю надзею, што Вы ў гэтым мяне падтрымаеце”.

Нядаўна Іван Шэга атрымаў адказ са Слонімскага райвыканкама за подпісам старшыні райвыканкама Алега Таргонскага. У сваім адказе старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі паведаміў: “На дадзены час тэхнічныя магчымасці сайта райвыканкама не дазваляюць падтрымліваць адначасова тры мовы. Як Вы заўважылі ў сваім звароце, руская мова таксама з’яўляецца дзяржаўнай і, улічваючы найбольш частае яе выкарыстанне жыхарамі нашага раёна для зносін, на сайце выкарыстоўваецца менавіта яна. Выкарыстанне ж ангельскай мовы абгрунтоўваецца тым, што яна лічыцца міжнароднай і забяспечвае найбольш шырокі доступ да апублікавання на старонках сайта інфармацыі для замежных наведвальнікаў, што спрыяе пашырэнню міжнародных зносін і турызму…”.

Як вынікае з адказу, на беларускую мову ў Слонімскім райвыканкаме не хапае тэхнічных мажлівасцяў.

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в Яндекс
Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика