80 гадоў таму быў расстраляны слонімскі пісьменнік

 

У адну ноч 29 кастрычніка 1937 года ў Менску у будынку НКУС былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР – гэта беларускія і яўрэйскія пісьменнікі, шэраг навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў. Падобнага не ведае гісторыя ніводнай іншай еўрапейскай краіны. Сярод забітых быў і рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” Хацкель Дунец (1897-1937).

Ён быў родам са Слоніма, дзе нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям’і. З 1926 года Хацкель Дунец жыў у Менску. Друкаваць свае літаратурна-краязнаўчыя творы пачаў з 1927 года. Пісаў на ідыш і беларускай мовах. Працаваў спачатку намеснікам рэдактара яўрэйскай газеты «Октобэр», а потым рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», быў адным з кіраўнікоў яўрэйскай секцыі Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1930–1935 гадах Хацкель Дунец працаваў на пасадзе намесніка наркама асветы БССР, з’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў БССР.

У сярэдзіне 1930-х гадоў беларускага пісьменніка абвінавацілі ў трацкізме. Яго выключылі з партыі, знялі з усіх адказных пасадаў. А летам 1936 года Хацкеля Дунца арыштавалі ў Менску па адрасе: вул. Кіpава, д. 5/30, кв. 3. Яго асудзілі да 5 гадоў ППК. Ён быў этапаваны ва Ухта-Пячорскі канцлагер НКВД Комі АССР. Потым паўторна яго арыштавалі ў красавіку 1937 года і этапавалі ў Менск. А 28 кастрычніка 1937 года тройкай НКВД  Хацкеля Дунца прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі разам з вялікай групай беларускіх пісьменнікаў у ноч 80 гадоў таму ў Курапатах.

Пазней была рэпрасавана і жонка Хацкеля Дунца. У студзені 1967 года беларускага пісьменніка рэабілітавалі.

Хацкель Дунец даследаваў тэорыю літаратуры, яўрэйскую літаратуру Беларусі, беларускі тэатр, пісаў пра творчасць Міхася Лынькова, Міхася Чарота, Ізі Харыка, перакладаў на ідыш апавяданні і гумарэскі Кандрата Крапівы, аповесць “Салавей” Змітрука Бядулі і іншыя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя працы «Аб масавай рабоце на яўрэйскай мове» (1929), «Дасягненні нацыянальнай палітыкі ў БССР» (1930), «Тэорыя паэзіі Літвакова» (1931), «У змаганні» (1931), «За Магнітабуд літаратуры» (1932), «Пра пісьменнікаў і творы» (1933), «На літаратурныя тэмы» (1934).

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в Яндекс
Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика