На Лідчыне адкрылі мемарыял паўстанцам 1863 года

У нядзелю, 5 жніўня, грамадскія актывісты, палітыкі і барды з усёй Беларусі, у тым ліку са Слоніма, ў Лідскім раёне правялі ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года. Быў афіцыйна адкрыты мемарыяльны знак, завяршальная праца над якім вялася цягам паўгода.

30 паўстанцаў спачываюць у брацкай магіле каля вёскі Малое Ольжава. У савецкі час іх магілу амаль цалкам зруйнавалі, а надмагільны помнік утапілі ў багне. Праз 155 гадоў актывісты Лідчыны аднавілі памятны камень на магіле герояў, імёны якіх засталіся невядомымі, піша «Белсат».

Паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы прасціраюцца калгасныя палі. На адным з іх каля старой разгалістай дзічкі здалёк віднеюцца два вялікія драўляныя крыжы. Гэта магіла 30-ці невядомых паўстанцаў 1863 году. Доўгі час пра магілу нічога не было вядома. На полі стаяў фальварак Шчытнікі — маёмасць Канстанціна Кашыца, якога за ўдзел у паўстанні выслалі ў Сібір. Толькі ў 1925 годзе польскі асаднік, якому выдалі гэтую зямлю, выпадкова натрапіў на месца пахавання і першым усталяваў надмагільны помнік паўстанцам.

27 ліпеня 1995 года, у чарговую гадавіну абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці Беларусі, мясцовыя актывісты і сябры партыі БНФ усталявалі на магіле паўстанцаў два крыжы. Як распавядае Станіслаў Суднік, раней тут яшчэ захаваўся стары крыж, які потым спалілі невядомыя. У мінулым годзе намаганнямі актывістаў Лідскага аддзелу партыі БНФ на месцы пахавання паўстаў помнік з надпісам «Невядомым паўстанцам 1863 году». Каб упрыгожыць памятны камень і зрабіць яго больш сімвалічным, да яго прымацавалі дзве адлітыя з металу касы і вілы. Працу з надпісам і гербам паўстання на помніку выканаў Максім Рунец з Бярозаўкі. Актывісты Таварыства беларускай мовы, руху «За Свабоду» і партыі БНФ намагаюцца таксама стварыць мемарыял у гонар паўстанцаў.

Пры ўшанаванні былі зачытаны больш за чатырыста вядомых на гэты час імёнаў паўстанцаў з былога Лідскага павету.

Святарамі айцамі Леанідам і Вікенціем былі асвечаныя адноўленыя крыжы і памятны камень, адбылася памінальная малітва аб паўстанцах, прайшоў невялікі канцэрт-рэквіем. Выступілі Андрэй Мельнікаў, Таццяна Матафонава, Зміцер Захарэвіч.

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в Яндекс
Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика