
15 траўня — дзень нараджэння беларускага паэта Анатоля Іверса (1912-1999).
Анатоль Іверс нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Чамяры. У час 1-й сусветнай вайны сям’я, як і многія аднавяскоўцы, у 1914 г. выехала ў бежанства і вярнулася ў 1918 г. У 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Навагрудскай (1931) гімназій. З 1931 г. у Чамярах пад наглядам польскай паліцыі. Пачаў пісаць пад псеўданімам Анатоль Іверс, адсылаючы ў тагачасную беларускую прэсу. З 1935 г. служыў у Войску Польскім, тымчасова памешчык забіў яго маці. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939—1941). Сябра СП СССР з 1940 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з лістапада 1943 г. — партызан брыгады ім. К. Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую падпольную газету «Барацьба».
Жонка А. Іверса загінула ў Калдычаўскім лагеры, брат — у баі з акупантамі. У пасляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, А. Іверса некалькі разоў безпадстаўна звальнялі з працы. Потым працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму», у лесахімічнай прамысловасці. У 1976—1984 г. — сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Жыў у Слоніме. Быў знаёмы і шчыра сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і іншымі творчымі людзьмі Польшчы.
26 кастрычніка 1999 года Анатоль Іверс памёр.