Міхаіл Сашко: «Мы народ! Маем права абіраць сабе ўладу самі»

З 21 траўня па 19 чэрвеня ўключна ў Беларусі ідзе збор подпісаў 14 ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Сваімі думкамі аб ходзе прэзідэнцкай кампаніі падзяліўся слонімскі актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Міхаіл Сашко.

— Якія ўражанні ў Вас склаліся ад сёлетняй выбарчай кампаніі?

— Сёлетняя выбарчая кампанія адрозніваецца ад папярэдніх тым, што яна праходзіць у самы разгар пандэміі. Беларускі правіцель, нягледзячы на эпідэмію каранавіруса, любой цаной захацеў застацца і далей правіць, здзекуючыся з беларусаў, і, скарыстаўшыся пандэміяй, правесці сваё стэрыльнае перапрызначэнне без назіральнікаў, абсалютна бескантрольна.

— Якой стратэгіі падчас гэтай кампаніі будзе прытрымлівацца прафсаюз РЭП?

— Рашэння кіруючага органа прафсаюзу па гэтым пытанні не прынята, але прафсаюз РЭП падтрымае ўсіх кандыдатаў, акрамя дзейнага кіраўніка Беларусі.

— Чаму грамадзяне актыўна ставяць подпісы за пратэстных удзельнікаў у выбарах?

— Беларусы актыўна падтрымліваюць пратэстных кандыдатаў таму, што антынародны правіцель давёў народ да галечы, знішчыў эканоміку краіны, сваімі ўказамі і дэкрэтамі ўтаптаў у бруд Канстытуцыю (асноўны закон), увёў у краіне рабства, знішчыў прававую сістэму краіны — людзям немагчыма адстаяць свае правы ні ў судах, ні ў пракуратуры, ні ў інспекцыі, ні ў міліцыі, ні ў ягонай адміністрацыі. Беларусы бачаць, што ўся створаная ім сістэма скіраваная толькі на захаванне неабмежаванай улады Лукашэнкі любой цаной, нягледзячы на шматлікія ахвяры.

— Што Вы можаце сказаць пра новых прэтэндэнтаў ад пратэстных кандыдатаў?

— Усе пратэстныя кандыдаты вельмі яркія, крэатыўныя асобы, якія, нягледзячы на рэпрэсіі, змаглі данесці да людзей усе праблемы, што стварыў для беларусаў антынародны рэжым Лукашэнкі за 26 гадоў свайго існавання.

— Што Вы можаце сказаць аб традыцыйных апазіцыйных палітыках?

— Лічу, што традыцыйная апазіцыя заняла правільную пазіцыю: выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай. Бо калі ён заяўляе — я хачу і буду, а яна «лічыць» галасы, то выбараў у беларусаў няма сёння, не было ўчора і не будзе заўтра.

— З чым звязана цікаўнасць у выбаршчыкаў да Віктара Бабарыкі і Валерыя Цэпкалы?

— Магчыма, інтрыга ў тым, што з сябе і каго Бабарыка і Цэпкала уяўляюць, хто за імі стаіць і што яны прапануюць выбаршчыкам? Праглядзеў іх інтэрв`ю. У мяне яны даверу не выклікаюць. Змяніць нелегітымнага дыктатара на легітымнага або варыянт уцягнення Беларусі ў РФ — жадання ў большасці беларусаў не выклікаюць.

— Які кандыдат у прэзідэнты патрэбны сёння большасці беларусам?

— На маю думку, патрэбна народу падтрымаць усіх кандыдатаў, якія за незалежную Беларусь, за сапраўдную ўладу заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

— Будзеце назіраць за выбарчай кампаніяй ці думаеце кагосьці падтрымаць?

— Падтрымаю ўсіх, акрамя праўладных кандыдатаў і дзейнага кіраўніка.

— Ці галоўная мэта ўладаў Беларусі ў тым, каб пасля выбараў не было пратэстаў?

— Галоўная мэта рэжыму ў тым, каб ва ўмовах пандэміі адміністрацыйна ці падманам прыцягнуць народ на выбарчыя ўчасткі. Вялікая праблема ў рэжыму з`явіцца ў тым выпадку, калі людзі замест выбарчых участкаў выйдуць прагаласаваць на плошчу.

— Які ўплыў аказвае пандэмія на выбары?

— Выбарчая кампанія ў час пандэміі стварае моцна абмежаваныя магчымасці для ўсіх незалежных кандыдатаў і стварае спрыяльныя ўмовы для дзейнага правіцеля і яго спарынг-партнёраў.

— Эпідэмія некалі скончыцца. Што зменіцца ў жыцці і палітыцы ў Беларусі пасля каранавіруса?

— Спадзяюся, што Беларусь назаўжды пазбавіцца ад дыктатуры і ў бліжэйшым будучым будзе прававой дзяржавай. Дзяржавай для людзей, а не правіцеля і яго прыбліжаных!

— Што хочаце сказаць выбаршчыкам?

— Не ўдзельнічаем у гэтым цырку-шапіто і патрабуем выбараў без Лукашэнкі і Ярмошынай. Мы народ! Маем права абіраць сабе ўладу самі, а не наадварот — улада абірае сама сябе супраць волі народа!

Аўтар: Газета Слонімская https://www.gs.by

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика