
У краіне працягваецца збор подпісаў. Пра сваё стаўленне да выбарчай кампаніі распавядае кіраўнік слонімскай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Іван Бедка.
— Што можаце сказаць наконт сёлетняй выбарчай кампаніі?
— Як мы бачым з таго, што адбываецца падчас гэтай, так бы мовіць, кампаніі, то язык не паварочваецца назваць яе выбарчай. Людзей хапаюць на месцах збору подпісаў. Хапаюць пры выхадзе з дому. Арганізоўваюць розныя правакацыі. Штрафуюць, садзяць на суткі ў турмы. Не рэгіструюць ініцыятыўныя групы. Не прапускаюць грамадскіх актывістаў у раённыя камісіі. Вось такую выбарчую вакханалію развяла цяперашняя ўлада.
— У чым падабенства і адрозненне сёлетняй кампаніі ад кампаніі 2010 года?
— Гэтыя кампаніі амаль нічым не адрозніваюцца, толькі ў сёлетняй кампаніі рэпрэсіі пачаліся з пачаткам кампаніі, а ў 2010 годзе — пад канец. У 2010 годзе пасля фальсіфікацыі выбараў пачалася плошча.
Я браў удзел у падзеях на плошчы, быў арыштаваны на 15 сутак. На плошчы таксама былі правакацыі. Усё скончылася хапуном. Шмат людзей пасаджалі ў турмы. Хапалі, білі дубінамі без разбору, загружалі ў аўтазакі, развозілі па турмах. Галоўнае адрозненне сёлетняй кампаніі ў тым, што яе ўлада праводзіць падчас пандэміі каранавіруса. На маю думку як медработніка, гэта злачынства супраць народа. Там ні аб якіх мерах бяспекі немагчыма гаварыць.
— Якая роля Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і яе сустаршыні ў сёлетніх выбарах?
— Наша партыя БХД сем разоў падавала дакументы на рэгістрацыю, але ўлады знаходзілі розныя надуманыя прычыны, каб адмовіць нам у рэгістрацыі.
Задзейнічалі КДБ, кіраўнікоў арганізацый, каб запалохаць тых, хто паставіў свой подпіс у спісе сябраў арганізацыі.
Павел Севярынец бярэ актыўны ўдзел у гэтай кампаніі. Ездзіць па рэгіёнах, праводзіць тлумачальную работу сярод грамадзян. Віталь Рымашэўскі падаў заяву ў пракуратуру аб парушэнні заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Вольга Кавалькова зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу, якая праводзіць тлумачальную работу, прызывае грамадзян самаарганізоўвацца, каб адстойваць свой выбар.
— Ці будзеце назіраць за выбарамі? Каго падтрымаеце сярод удзельнікаў кампаніі?
— Калі ўлада дасць магчымасць праводзіць назіранне, безумоўна, буду назіраць і фіксаваць усе парушэнні заканадаўства. Але мой вялікі вопыт назірання паказвае, што ўладзе на ўсё напляваць. Вынікі выбараў яны малююць такія, якія ім патрэбны.
Я падтрымаю любога, хто за незалежную і самастойную, дэмакратычную Беларусь без карупцыі.
— Які кандыдат у прэзідэнты патрэбен беларусам?
— На маю думку, патрэбны чалавек, які любіць свой народ, сваю краіну, сумленны, які будзе адстойваць інтарэсы дзяржавы, а галоўнае, здаровы, без усялякіх хібаў.
— Лукашэнка затрымлівае актывістаў. Ці здольны грамадзяне Беларусі самаарганізавацца?
— Хачу спадзявацца, што грамадзяне здолеюць самаарганізавацца на гэтым выбарчым спектаклі. Калі не, то гэта можа каштаваць Беларусі незалежнасці. Таму што гэтая ўлада нічога добрага прапанаваць не здольная. Дакіраваліся: ні работы, ні дастойных заробкаў людзям.
— Што Вы можаце сказаць пра Ціханоўскага, Цэпкалу і Бабарыку? Хто з іх Вам бліжэй?
— Нікога з іх не ведаю так, каб мог ім верыць. Тым, хто быў ва ўладзе Лукашэнкі, асабліва не веру. Напэўна, бліжэй Ціханоўскі, калі ён падтрымлівае тыя каштоўнасці, пра якія сказана вышэй.
— Чаму людзі паверылі ім і ідуць за імі?
— Людзям абрыдла існуючая ўлада на чале з Лукашэнкам. Яны патрабуюць пераменаў. Хочуць жыць у цывілізаванай краіне.
— Ці можа сысці Лукашэнка сёлета, калі яго вельмі добра папросіць народ?
— Думаю, Лукашэнка проста так уладу нікому не ўступіць. Выбары сфальсіфікуе і будзе рабіць усё, каб застацца ў прэзідэнцкім крэсле. Можа сысці, толькі калі народ масава выкажа сваю нязгоду з ім.
Аўтар: “Газета Слонімская”