Міхась Варанец: «Я не ўдзельнічаю ў спектаклі пад назвай выбары»

19 чэрвеня завяршыўся збор подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы. Пра сваё стаўленне да сёлетніх выбараў гаворыць маёр у адстаўцы, дэпутат Слонімскага гарадскога Савета ў 1995-1999 гадах Міхась Варанец.

— Я не ўдзельнічаю ў чарговым спектаклі пад назвай выбары, як, дарэчы, не ўдзельнічаў і ў папярэдніх. Выбараў у Беларусі няма. Фізічна немагчыма ўдзельнічаць у тым, чаго няма. Тое, што ўлады называюць выбарамі, гэта імітацыя выбараў.

— Па гэтай прычыне ў 1999 годзе Вы, у той час дэпутат Слонімскага гарсавета, не прэтэндавалі на дэпутацкае месца ў гарадскім Савеце наступнага склікання?

— Так, па гэтай прычыне. У другой палове 1990-х у палітычным плане Беларусь, па вялікім рахунку, вярнулася ў Савецкі Саюз застойных часоў, калі камуністычная партыя была кіруючай і накіроўваючай сілай і раз у пяць год на сваім з`езде выбірала Леаніда Ільіча Брэжнева на наступны тэрмін Генеральным сакратаром ЦК КПСС, фактычна прызначала яго кіраўніком дзяржавы. У СССР прадстаўнічыя органы ўлады ўсіх узроўняў, ад сельсаветаў да Вярхоўнага Савета, былі шырмай, фігавым лістком камуністычнага рэжыму.

Партыя прызначала дэпутатамі правераных, «правільных» людзей. Такіх хапае ва ўсе часы.

У 1999 годзе для мяне было відавочна, што нашы мясцовыя Саветы і Палата прадстаўнікоў з`яўляюцца менавіта шырмай. Удзельнічаць у псеўдавыбарах у псеўдапрадстаўнічыя органы ўлады — сябе не паважаць, гэта падман людзей.

— Пагаджуся з Вамі, што мясцовыя Саветы і тая ж Палата прадстаўнікоў
— органы ўлады, ад якіх мала што залежыць. Але пасада прэзідэнта — не шырма, не бутафорыя. Можа, выберам новага кіраўніка дзяржавы і жыццё пойдзе па-іншаму?

— Не выберам! Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Рэспубліка Беларусь, паўтаруся, вярнулася ў мінулае, ператварылася ў маленькі Савецкі Саюз. Наша кіруючая і накіроўваючая сіла — вертыкаль — пад аховай міліцыі, АМАПа, спецслужбаў раз у пяць год прызначае Аляксандра Лукашэнку кіраўніком дзяржавы. Прызначэнне адбываецца не на з`езде, а на агульнанацыянальных выбарах. Даніна часу. Каб было як у людзей, як у Расіі, Казахстане, Узбекістане і далей паводле спісу нашых сяброў і саюзнікаў.

Пасля 1996 года вертыкаль шэсць разоў прызначала дэпутатаў мясцовых Саветаў, шэсць разоў прызначала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чатыры разы (2001, 2006, 2010, 2015) прызначала прэзідэнтам Лукашэнку. 16 разоў была імітацыя выбараў, было менавіта прызначэнне, было 16 выбарчых спектакляў. З якога такога перапалоху сёлета мусіць быць па-іншаму?

— Ёсць спадзяванне, што якраз у гэтым годзе можа быць па-іншаму, бо людзі стаміліся, людзі прагнуць пераменаў. Гэта бачна, што называецца, няўзброеным вокам!

— Стомленыя людзі вераць (хочуць верыць) у цуд, што вось прыйдзе хтось — асілак Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала — адхіліць Лукашэнку ад улады і вырашыць іх праблемы. Людзі не задаюць пытанне, чаму багатыр Бабарыка злез з рускай печы (газпрамаўскай трубы) не праз 33 гады, як Ілля Мурамец, а праз 26 гадоў. У гэтых людзей Цапкала, які 26 гадоў побач з Лукашэнкам будаваў краіну для жыцця, раптам пераўтвараецца ў высакароднага асілка. Стомленых людзей прываблівае тое, што для здзяйснення цуду ад іх патрабуецца так мала — адно паставіць свой подпіс за будучых цудатворцаў і потым прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць. Ну, гэта падобна, як хворы купляе іконку адпаведную, ставіць свечку ў царкве і чакае дзівоснага збаўлення ад хваробы.

— Якое выйсце Вы прапаноўваеце гэтым людзям?

— Я нічога не прапаноўваю, а выказваю сваю думку. Людзі павінны пазбавіцца ілюзіяў, што хтосьці за іх штосьці зробіць. Людзі павінны зразумець, што «караля робіць світа», без якой Аляксандр Лукашэнка ніхто і зваць яго ніяк. Світа сёлета ў чарговы раз за немалыя даброты забяспечаць Лукашэнку чарговую «перамогу», бо сумленне даўно пакінула іх грэшныя целы і недзе блукае. Калі стомленыя людзі шчыра вераць, што гэтым разам будзе не прызначэнне Лукашэнкі, а сапраўдныя выбары кіраўніка дзяржавы, дык я з павагаю стаўлюся да іх веры. Але асабіста знаю слонімцаў, якія ведаюць, што выбары не сапраўдныя, не чэсныя, але пагаджаюцца быць членамі жульніцкіх выбарчых камісій, удзельнічаюць у выбарах, загадзя ведаючы, што гэта не выбары, а фарс, спектакль. Такіх людзей я не паважаю.

— У нашай краіне ёсць палітычныя сілы, якія заклікаюць 9 жніўня выйсці на плошчу. Як Вы да гэтага ставіцеся?

— Задамо пытанне. Што перашкаджае гэтым сілам рыхтаваць плошчу не падчас выбараў — «свята беларускай дэмакратыі», а, скажам так, у будні?

А плошча! Найперш у людзей мусіць хапіць розуму і смеласці не хадзіць на выбары, якія яны не лічаць выбарамі. Другое. У людзей павінна хапіць розуму і смеласці выйсці з афіцыйных прафсаюзаў, кіраўніцтва якіх абараняе інтарэсы дзяржавы, а не работнікаў. Да таго ж у гэтай выбарчай кампаніі старшыня афіцыйных прафсаюзаў Міхаіл Арда з`яўляецца кіраўніком выбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі. Калі людзі перастануць удзельнічаць у фальшывых выбарах, калі людзі аб`яднаюцца ў незалежных прафсаюзах, тады, магчыма, і плошча непатрэбна будзе. Сама болей улада баіцца, што людзі перастануць баяцца.

— Навошта Лукашэнка саджае людзей за краты, калі выбары не сапраўдныя і ў яго ўсё адладжана для «перамогі»? І галоўнае, навошта гэта самім людзям, якія рызыкуюць сваім здароўем і ўдзельнічаюць у выбарах у якасці кандыдатаў? Напрыклад, Статкевіч у 2010 годзе і зараз Бабарыка.

— Рэпрэсіі — асноўны механізм забеспячэння існавання аўтарытарных рэжымаў, у тым ліку і такіх «перамог». Напярэдадні травеньскага, 1995 года, рэферэндуму, групу дэпутатаў Вярхоўнага Савета на чале з Зянонам Пазняком збілі і выкінулі з залы пасяджэнняў.

Напярэдадні лістападаўскага, 1996 года, рэферэндуму, старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара выкінулі з ягонага кабінета і пасадзілі туды Лідзію Ярмошыну. Потым пачалі саджаць у турмы, потым былі зніклыя палітыкі. Паўтаруся, усё як у Расіі, Казахстане, Узбекістане і далей паводле спісу… Я сказаў, чаму не ўдзельнічаю ў выбарах. Чаму іншыя ўдзельнічаюць, у тым ліку Статкевіч ужо 20 гадоў ходзіць на псеўдавыбары, як на работу? Трэба спытацца ў Статкевіча і такіх, як ён. Мая пазіцыя да выбарчых спектакляў падрабязна выкладзена яшчэ 16 год таму ў артыкуле «Некалькі мінусаў перадвыбарчай кааліцыі «5+» («Газета Слонімская», №11, 11-17.03.2004).

Бабарыка не пасланец добрай волі ад дэмакратычнай Расіі, пра якую мараць лепшыя сыны і дочкі рускага народа, а марыянетка фээсбэшнай крымінальнай пуцінскай Расіі. А планы Расіі тыя ж, што былі і да Пуціна. Чытайце артыкул Зянона Пазняка «О русском империализме и его опасности» («Народная газета», 15-17.01.1994). У 1996 годзе Расія ўжо «дапамагла» беларусам — падставіла плячо рэжыму, калі Вярхоўны Савет збіраўся праз імпічмент адхі¬ліць Лукашэнку ад улады. У 2008 годзе Расія «дапамагла» грузінам, у 2014 годзе — украінцам. Яшчэ ўчора Бабарыка зняважліва хіхікаў, гаворачы пра нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Сёння духоўныя нашчадкі Каліноўскага «б`юць у званы», бароняць яго. І гэта правільна. Кожны, у тым ліку дыктатар і марыянетка, мае права на незалежны і бесстаронні суд.

— Якая галоўная адметнасць сёлетніх выбараў?

— У гэтым годзе Расія як ніколі актыўна ўключылася ў беларускія выбары. Натуральна, не для таго, каб усталяваць у нас дэмакратыю. Баюся, Расія паспрабуе рэалізаваць у Беларусі ўкраінскі сцэнар.

— Песімістычная размова ў нас атрымалася, Міхась Адамавіч. Нейкая бязвыхаднасць, безнадзейнасць …

— Так, у мяне надзеі на цуд няма. Зразумейце! Ёсць мы і ёсць наладжаная сістэма ўлады — вертыкаль і яе прыкормленая, добра ўзброеная ахова. Ніхто нам не дапаможа, акрамя саміх сябе. Вацлаў Гавэл, дысідэнт у сацыялістычнай Чэхаславаччыне, у сваім эсэ «Сіла бяссільных» (1978 г.) пісаў, што спачатку дастаткова адмовіцца выконваць некаторыя патрабаванні сістэмы, пэўныя рэчы проста не рабіць: не хадзіць на выбары, якія не лічыш выбарамі; не хаваць перад начальствам сваіх поглядаў. Гэта зусім не мала!

Крыніца: https://www.gs.by/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика