
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 3 ліпеня ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна ўшанавалі аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930-1833 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго паплечнікаў.
Ушанаванне пачаў грамадскі актывіст Іван Бедка. Ён распавёў пра жыццёвы і змагарны шлях Міхала Валовіча, які быў родам з вёскі Парэчча. Тут ён меў маёнтак і ўласную зямлю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беларусь была цалкам акупаваная расійскімі войскамі. На працягу няпоўных ста гадоў беларусы тройчы ўздымалі меч барацьбы супраць нацыянальнага ворага – Масквы.
Адным з самых магутных было паўстанне 1830 – 1833 гадоў. Чынным яго ўдзельнікам быў 27-гадовы юнак са Слонімшчыны Міхал Валовіч. Аднойчы Міхал Валовіч быў схоплены. На допытах трымаўся годна, праявіў выключную мужнасць, нічога не расказаў катам пра паўстанцкую арганізацыю. 21 ліпеня Міхал Валовіч быў павешаны ў Гародні.
Пазней яго маці выкупіла мёртвае цела сына і прывезла ў Парэчча. Міхала Валовіча пахавалі на мясцовых могілках каля ўніяцкай царквы. Яму паставілі помнік, які стаяў да таго часу, пакуль на Слонімшчыну не прыйшлі бальшавікі, якія ўсё знішчылі.