Краязнаўчы каляндар

23 ліпеня 1896 г. — нарадзіўся беларускі хормайстар, кампазітар і педагог Антон Валынчык з вёскі Мяльканавічы Слонімскага раёну.

Антон Валынчык нарадзіўся ў сям’і царкоўнага рэгента. Пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі быў прызваны ў войска, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам. Пасля войска вярнуўся на радзіму і ў перыяд з 1939 па 1947 гг. працаваў выкладчыкам музыкі і спеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасля ў Клецкай беларускай гімназіі, потым у Наваградскай беларускай гімназіі, а таксама ў беларускай настаўніцкай семінарыі ў Слоніме. У 1937 Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі хорамі.

Пасля вайны быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах. Каб пазбегнуць рэпрэсіяў, супрацоўнічаў з хорамі ў праваслаўных храмаў у Клецку, Наваградку, Слоніме, Жыровічах і Менску. У 1956 годзе кампазітар паехаў у Магілёўскую вобласць, дзе ўладкаваўся кіраўніком хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Праз год вярнуўся ў Маладэчна, дзе стаў кіраўніком міжабласнога Маладзечанскага ансамбля песні і танца, які ўзначальваў чатыры гады. У 1961 пераехаў у Горадню. Там ён узначальваў кафедру музыкі і спеваў Гарадзенскага педінстытута, адначасова працаваў хормайстрам Гарадзенскага народнага ансамбля песні і танца «Нёман» (ад кіраўніцтва якога пасля быў адхілены савецкай наменклатурай) і мастацкім кіраўніком Гарадзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Кансультаваў як хормайстар многія харавыя капэлы Гарадзеншчыны. Памёр 13 лістапада 1985 года. Пахаваны на гарадскіх могілках Горадні. На яго магіле няма помніка, пастаўлены просты жалезны крыж.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика