
Я сябра партыі БХД назіраю за выбарамі з 1994г. У гэтым годзе праводзіў назіранне за выбарамі на Незалежным выбарчым участку №10. Пасля атрымання акрэдытацыі незалежным назіральнікам было дазволена прысутнічаць на ўчастку для галасавання з 04.08 па 07.08.20г. з 10.00 да 19.00 гадзін.
Потым згодна з пастановай ЦВК, якая супярэчыць канстытуцыі і выбарчаму кодэксу, нас не дапусцілі да наглядання. Калі я праводзіў падлік выбаршчыкаў каля школы праз некаторы час выйшаў дырэктар школы Iван Міхальчэня, ён жа старшыня выбарчай камісіі на участку №11. Ён патрабаваў ад мяне убірацца з тэрыторыі рэжымнага аб’екта за плот, а калі я не зыду, ён выкліча міліцыю. Улічваючы тое, што гэтай зграі пляваць на канстытуцыю і законы, мне давялося сысці за плот.
У нядзелю, 9 жніўня, каля гэтага рэжымнага аб’екту СІІІ №8 ад сцяны мэтры за чатыры распалілі мангал і смажылі шашлыкі, аднак Міхальчэня на гэта ніяк не рэагаваў.
Нас выдалялі з участкаў нібыта ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу. Аднак на участках №10 і №11 у СІІІ №8 ніякіх прафілактычных мер не прымалася. Члены камісіі былі без масак, пальчатак, выбаршчыкі за бюлетэні распісваліся адной ручкай, дыстанцыя не захоўвалася. Каранавірус, гэта была шырма маштабных фальсіфікацыяў.
Калі нас не дапусцілі на ўчастак то яўка выбаршчыкаў адразу вырасла на 30 чалавек. На 10 і 11 выбарчых участках увесь час быў прахадны двор там хадзілі розныя людзі недатычныя да галасавання. І гэта пры тым, што згодна выбарчага кодэкса на выбарчым участку падчас выбараў могуць знаходзіцца толькі члены камісіі, наглядальнікі выбаршчыкі, дэпутаты саветаў і палаты прадстаўнікоў.
9 жніўня падчас галасавання да нас на вуліцы падыходзілі людзі, якія прагаласавалі і паведамлялі, што на 10 участку ў парушэнне выбарчага кодэксу да іх у кабіну для галасавання заглядваў член камісіі і казаў каб не фатаграфавалі бюлетэнь.
Хачу звярнуцца да членаў камісій. Неўзабаве гэтыя злачынствы будуць расследавацца, яны не маюць тэрміну даўніны і маюць даволі вялікія тэрміны зняволення. Некаторыя кажуць што яны не фальсіфікавалі выбары, гэтым займаліся старшыня, намеснік і сакратар камісіі. У крымінальным кодэксе ёсць артыкул за неданасіцельства аб злачынстве, там таксама ёсць тэрмін зняволення.
У фальсіфікатараў ёсць магчымасць падстрахавацца ад турмы. Напішыце заявы пракурору аб здзейсненым злачынстве, сапраўднымі лічбамі выбараў, зрабіце копіі сабе, перадайце незалежным наглядальнікам і СМІ.
Па інфармацыі аднаго члена камісіі з 20 выбарчага участку, там Святлана Ціханоўская набрала 800 галасоў, а Лукашэнка 400. Ёсць інфармацыя, што сапраўдныя бюлетэні спалілі і замянілі ліпавымі.
Цікава, а што яны зробяць з жывымі сведкамі фальсіфікацыяў? Усё тое што адбываецца ў Беларусі зрабілі злачынцы з камісій сваімі фальсіфікацыямі.
Аўтар: Іван Бядко