Віктара Марчыка ў слонімскім судзе папярэдзілі, а Алеся Масюка аштрафавалі на 20 базавых

У панядзелак, 14 верасня, старшыня суда Слонімскага раёна Аляксандр Ярмолік разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні грамадскіх актывістаў са Слоніма Віктара Марчыка і Алеся Масюка.

Абодвух суд палічыў вінаватымі ў пікітаванні падчас збору подпісаў пад лістом аб скліканні сходу выбаршчыкаў па пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў РБ Валянціна Семянякі каля крамы «Еўраапт» у Слоніме вечарам 1 верасня.

Як мы пісалі раней, у той дзень за збіральнікамі подпісаў Віктарам Марчыкам, Алесем Масюком і Міхаілам Сошкам назіралі супрацоўнікі Слонімскага РАУС Ігар Клыбік і Андрэй Пракурат, які здымалі на відэа збор подпісаў з 18 да 19 гадзін каля «Еўраапта».

М.Сошка, А.Масюк, В.Марчык

Па выніках такой праваахоўнай дзейнасці намеснік начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Клыбік напісаў рапарт начальніку слонімскай міліцыі Трухану аб прыкметах складу правапарушэння па арт. 23.34 КоАП РБ у дачыненні ўсіх траіх збіральнікаў подпісаў.

Іх выклікалі ў міліцыю для апытання і пакінулі на ноч у ізалятары часовага ўтрымання. На Міхаіла Сошку старшы ўчастковы інспектар міліцыі Андрэй Гусар склаў пратакол па ч.1 арт. 23.34 КоАП, яго калега Ігар Лысеня склаў такі ж пратакол на Віктара Марчыка, а старшы ўчастковы інспектар міліцыі Дзмітрый Кірыкаў склаў пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КоАП на Алеся Масюка, паколькі Алесь Масюк ужо прыцягваўся да адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 у сёлетнім жніўні. Усіх траіх вінавацілі ў пікетаванні падчас збору подпісаў без атрымання на тое дазволу райвыканкама.

Збіральнікі подпісаў за арганізацыю сходу па пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў са свайго боку апелявалі да выбарчага заканадаўства, паводле якога на збор подпісаў за скліканне такога сходу дазвол не патрэбны, і катэгарычна адмаўлялі свой удзел у пікеце.

Сведкі-міліцыянеры Клыбік і Пракурат даводзілі, што меў месца пікет падчас збору подпісаў.

У выніку суддзя Аляксандр Ярмолік у дачыненні Віктара Марчыка ў першай палове дня вынес папярэджанне аб недапушчэнні паўторнага ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а ў другой палове дня аштрафаваў Алеся Масюка на 20 базавых адзінак — гэта мінімальная сума штрафу па названым артыкуле.

Раней мы пісалі, што суддзя Наталля Радзівонік па аналагічнай справе вынесла папярэджанне Міхаілу Сошку.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика