Віктар Марчык: „Чорныя меткі” ўжо атрымалі беларускія сілавікі

Пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі з боку сілавікоў, разважае грамадскі актывіст са Слоніма, сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса, каардынатар Еўрапейскай Беларусі на Слонімшчыне Віктар Марчык.

Спадар Віктар, згодна старой легендзе, „чорную метку” піраты ўручалі матросам, якія падазраваліся ў парушэнні маральна-этычных нормаў пірацкай каманды. „Чорная метка” была раўназначна смяротнаму прысуду. Пра „чорную метку” нагадала і тая сітуацыя, якая адбываецца сёння ў Беларусі. Ці не так?

Віктар Марчык: У Беларусі сёння „чорная метка” не згубіла свайго сэнсу. Гэтую метку сёння ўжо атрымалі многія беларускія сілавікі. Сілавікі, чыноўнікі і “слугі народа”, якія перайшлі рысу сваіх беззаконных дзеянняў супраць грамадзян Беларусі, атрымалі ўжо такую імправізаваную метку. Гэта значыць, што яны ўжо занесены ў чорны спіс. І пры змене ўлады асобы з „чорнай меткай” аўтаматычна становяцца падсуднымі. Яны адразу згубяць не толькі свае званні і пасады, але супраць іх будуць узбуджаны крымінальныя справы. Шкада толькі будзе іх сем’яў, якія не змаглі своечасова апамятацца і іх спыніць. Тым больш, што ўлада хутка зменіцца, я і ўсе беларусы ў гэтым упэўнены. Бо беларускі народ не хоча быць рабом у гэтай прагніўшай наскрозь сістэме, не жадаюць ужо людзі, каб іх трымалі за неразумны скот („не быць скотам”, як пісаў Янка Купала). Мой беларускі народ даўно жадае быць вольным і шчаслівым. Стары савецка-камуністычны рэжым рухне і ўсе беларусы гэта разумеюць. Так, як было 26 гадоў, ужо не будзе ніколі.

На маёй Слонімшчыне таксама ёсць „таварышы”, якія атрымалі „чорную метку” за свае ўчынкі ў адносінах да людзей. Найперш, гэта адзін з намеснікаў начальніка Слонімскага РАУС і сённяшні кіраўнік суда Слонімскага раёна, якія парушаюць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусі за арышты людзей і неправамоцныя прысуды. Спісы ўсіх сілавікоў і вертыкальшчыкаў з „чорнай меткай” мы маем.

І калі ў гэтых асобаў яшчэ ёсць нейкія шанцы рэабілітавацца, то шанцаў на рэабілітацыю няма ў пяці старшынь участковых выбарчых камісій на тых участках, дзе знаходзіліся незалежныя назіральнікі, якія мелі законную акрэдытацыю і мелі права знаходзіцца на выбарчых участках, а іх не толькі не дапусцілі да назірання і падліку галасоў, але і нахабна выставілі за тэрыторыю школ, дзе знаходзіліся выбарчыя ўчасткі. У ліку такіх асобаў быў і дырэктар СШ № 8 г. Слоніма. Ёсць у нас усе доказы, відэа, сведкі і г.д. У іх таксама – „чорныя меткі”…

У фэйкавых малюнках і пастановачных роліках, якія паказваюць па БТ расейскія прапагандысты, ужо ніхто не верыць. Беларусам гэта нецікава. Беларусам патрэбна праўда жыцця, мір і дабрабыт. Хопіць здзекавацца над нашым народам, мы хочам сапраўдныя дэмакратычныя выбары, мы хочам выказваць сваю думку і не баяцца, што нас будуць біць і забіваць. Таму тыя, хто гэта робіць, атрымалі „чорныя меткі”. Хай гэта маюць на ўвазе.

Беларускае Радыё Рацыя

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика