
У сераду, 11 лістапада, не пабачыў свет чарговы нумар «Газеты Слонімскай». І наступныя нумары не выйшлі з друку. Гэта адбылося ўпершыню за 23 гады, з часу выхаду першага нумара «Газеты Слонімскай».
А 9 лістапада дома ў заснавальніцы «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук міліцыянеры зладзілі ператрус і забралі камп’ютары, тэлефоны, флэшкі. Ганна Валадашчук нібы праходзіць сведкай у крымінальнай справе за абразу і паклёп у тэлеграм-канале ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і яго жонкі. Пасля ператрусу дома ў Ганны Валадашчук дзясятак міліцыянераў правялі вобшук і ў рэдакцыі газеты. Яны вынеслі і забралі камп’ютары дызайнера, журналістаў, бухгалтараў і іншых супрацоўнікаў рэдакцыі.
Цяпер заснавальніца газеты знаходзіцца па-за межамі Беларусі, а супрацоўнікі газеты засталіся без працы.
“Газета Слонімская” – было адзінае незалежнае выданне на Гарадзеншчыне, якое пры Лукашэнку выдавалася 23 гады. І толькі сёння, нахабным чынам, улада ліквідавала ўсю тэхніку і чытачы пазбавіліся свайго любімага выдання. Карэспандэнт ГВ пагутарыў з галоўным рэдактарам “Газеты Слонімскай” Міколам Канановічам.
— Мікола, чаму менавіта цяпер ўлады дадушылі нарэшце адзінае незалежнае выданне на Гарадзеншчыне?
Пасля 9 жніўня і да 9 лістапада ўлады канчаткова страцілі сваю лігітымнасць і перасталі нават фармальна зважаць на законнасць у дачыненні тых, каго лічаць сваімі ворагамі. А журналісты, якія пішуць і паказваюць бясчынствы сённяшняй улады, — найпершыя яе ворагі. Таму прыйшлі і разграмілі рэдакцыю. Хунта цяпер ладзіць сваё дзікае паляванне паўсюль. Прыйшоў іх час — і яны прыйшлі да нас, каб закрыць рот.
— Ці можна было неяк выратаваць “Газету Слонімскую” і выдаваць далей, нягледзячы на ліквідацыю аргтэхнікі?
Наўрад ці. І справа тут не ў камп’ютарах, іх раней, ці пазней, мабыць, вернуць. “Газету Слонімскую” зачысцілі на рынку папяровай незалежнай прэсы ўжо пасля “Народнай волі”, пасля “Свободных новостей плюс”. Каб у маім родным Востраве, у Пятралевічах, ва ўсіх аграгарадках і вёсках Слонімшчыны, Дзятлаўшчыны, Мастоўшчыны і ў райцэнтрах, дзе людзі яшчэ чытаюць папяровыя газеты, не было ў гэтых газетах бел-чырвона-белых пратэстантаў кожны тыдзень ды памерлых ад соvid-19. Каб не бачылі гэтага жывёлаводы, паляводы, даяркі з механізатарамі, рабочыя КПЗ і КПФ.
Некаторыя чытачы кажуць, што калі б жыў Віктар Валадашчук, то падобнага не здарылася б, і газета выдавалася б да сённяшніх дзён. Ці так?
Ведаю я гэтых “некаторых чытачоў”… Наш былы шэф Віктар Валадашчук адышоў у лепшы свет, канечне, вельмі рана. Было балюча і было цяжка працаваць без яго далей, але мы кожны тыдзень выпускалі ў свет новы нумар “Газеты Слонімскай” і кожны дзень аператыўна абнаўлялі наш сайт. Больш за год газета выдавалася без Віктара і працягвала б выходзіць, каб не чарговыя дурыбары самазванца сёлета 9 жніўня…Таго, што адбылося і адбываецца пасля гэтых выбараў, у навейшай гісторыі Беларусі яшчэ не было. Пра фальсіфікацыі на ўчастках падчас галасавання, пра забойствы, катаванні, калецтвы, пра ўвесь гэты жах пасля выбараў мы не маглі не пісаць. Усе паслявыбарчыя акцыі слонімцаў, а потым суды над імі, таксама не засталіся без увагі “Газеты Слонімскай”, а газета не засталася без увагі сённяшніх беззаконнікаў ад улады.
Калі ліквідавалі ўсю рэдакцыйную тэхніку, няўжо нельга было закупіць пару камп’ютараў і выдаваць газету? Быў час, калі яна выдавалася ў розных няпростых і складаных сітуацыях. Але ж выдавалася…
На гэтае пытанне я ўжо адказаў вышэй. Не для таго яны забралі тэхніку, каб мы знайшлі новую ды працягвалі выдаваць газету. І зноў жа паўтаруся — такога, як цяпер, раней не было.
Калі папяровы варыянт “ГС” не выйшаў, чаму адразу не пачаў абнаўляцца сайт газеты?
З сайтам былі тэхнічныя праблемы. Цяпер сайт gs.by зноў працуе і абнаўляецца штодня. Пакуль не ў такім аб’ёме, як раней, але працуе.
Уласніца газеты Ганна Валадашчук сказала, што “Газета Слонімская” можа аднавіць выхад праз паўгода. Але ж за гэты час людзі могуць пазнаходзіць новую працу і будзе не проста ўжо сабраць калектыў.
Пажывем пабачым, як кажуць. Канечне, супрацоўнікі рэдакцыі шукаюць цяпер сабе нейкую працу, бо жыццё працягваецца. Сітуацыя ж вакол “ГС” можа змяніцца разам з сітуацыяй у краіне.
Чым ты цяпер займаешся і якія планы на наступныя месяцы? Ты ж яшчэ малады чалавек і да пенсіі табе далёка.
Цяпер я больш чытаю, менш пішу і чакаю выхаду ў свет сваёй паэтычнай кнігі “Вяртанне восені. Сцятыя вобразы”, якая ўжо падпісана да друку ў адным сталічным выдавецтве. У бліжэйшыя месяцы пастараюся больш пісаць (у тым ліку і для сайта gs.by) ды выдаць кнігу прозы. А ў перспектыве — дажыць да пенсіі ды працягваць жыць, пісаць і працаваць у новай Беларусі.
Крыніца: http://harodniaspring.org/