
У чацвер, 3 снежня, у судзе Слонімскага раёна праходзілі суды над слонімцамі, якіх абвінавацілі ў парушэнні ч.3 арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое прайшло ў Слоніме 25 кастрычніка каля помніка Льву Сапегу.
Суддзя Аляксандр Ярмолік у гэты дзень разгледзеў справы ў адносінах да мясцовых жыхароў Уладзіміра Літвіна і Вольгі Кучынскай. Суд прызнаў абодвух слонімцаў вінаватымі і прысудзіў усім штрафы. Уладзімір Літвін атрымаў штраф у памеры 40 базавых адзінак (1080 руб.), а Вольга Кучынская атрымала штраф 30 базавых (810 руб.).
Неабходна адзначыць, што тых слонімцаў, якія 25 кастрычніка знаходзіліся каля помніка Льву Сапегу, выклікаюць у міліцыю і на іх складаюць адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). І не важна, ты проста там стаяў у гэты час, ці міма праходзіў. Слонімскі суд усіх пагалоўна прызнае вінаватымі і выносіць розныя выракі: каму штраф, каму суткі, а некаторым папярэджанне. Канвеер працуе, судзяць слонімцаў “пачкамі”. Праз суд прайшло ўжо некалькі дзясяткаў жыхароў Слоніма і раёна.