
25 сакавіка грамадскія актывісты планавалі правесці ў гарадскім парку ў Слоніме пікет за кансалідацыю беларускага грамадства на ідэі ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці краіны. Для гэтага Віктар Марчык накіраваў у Слонімскі райвыканкам адпаведную заяву.
Для дасягнення народнага адзінства, на пікеце, слонімцы збіраліся ў чарговы раз заклікаць улады спыніць прававое бязмежжа ў краіне, выпусціць на волю ўсіх палітвязняў, правесці ў гэтым годзе новыя, сумленныя і справядлівыя прэзідэнцкія выбары.
У адказе, падпісаным намеснікам старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэзай Юшкевіч, сказана, што ў адпаведнасці з ч.6 артыкула 4 “Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” у правядзенні пікету слонімцам адмоўлена.
Карэспандэнт “ГС” папрасіў заяўляльніка Віктара Марчыка пракаментаваць сітуацыю з адмовай у правядзенні ў Слоніме пікету.
— Летась мяне незаконна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КоАП РБ за тое, што я збіраў подпісы за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціна Семянякі. З-за гэтага цяпер мяне пазбавілі права выступаць у якасці арганізатара масавага мерапрыемства…
Зразумела, улада, якую мы не выбіралі, баіцца любых масавых выступленняў людзей. Таму і напрыдумлялі законаў, якія абмяжоўваюць правы чалавека…
Дарэчы, летась па артыкуле 23.34 КоАП РБ да адказнасці прыцягнулі больш за сотню слонімцаў. І цяпер ніхто з іх (у тым ліку і я) не можа выступаць у якасці арганізатара таго ж пікету… Такі прававы абсурд атрымліваецца, — адзначыў Марчык.