СЛОНІМЦЫ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ МІХАЛА ВАЛОВІЧА (Фота)

У нядзелю, 1 ліпеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна, прадстаўнікі Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, адзначылі чарговыя ўгодкі з дня нараджэння кіраўніка паўстання 1830-1831 гадоў на Беларусі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

Традыцыйна ўсе сабраліся каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцам, які знаходзіцца на парэцкіх могілках. На мерапрыемстве акрамя слонімцаў прысутнічалі госці з Дзятлава. Спачатку перад прысутнымі выступіў кіраўнік Слонімскай БХД Іван Бядко, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Пасля прагучала яшчэ некалькі выступаў, прысвечаным тым, хто  паклаў свае жыцці за свабоду Беларусі і да памятнага крыжа былі ўскладзены кветкі.

Затым вядомы Слонімскі краязнаўца і літаратар Сяргей Чыгрын прэзентаваў сваю новую кнігу “Такі іх лёс”.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства, удзельнікі перамясціліся на бераг ракі “Шчары”, дзе адбыўся шахматны турнір.

Гістарычная даведка: Міхал Валовіч (18.06.1806. – 02.08.1833.) сын памешчыка Казіміра Валовіча, нарадзіўся ў маёнтку Парэчча Слонімскага павета. Быў актыўным ўдзельнікам антырасійскага паўстання 1830 – 1831г.г. на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы, у якім прадстаўляў Слонімшчыну. Пасля падаўлення паўстання, у 1833 годзе ўзначаліў на Слонімшчыне антыцарскі сялянскі бунт, быў схоплены карнікамі і павешаны ў Гродна 2 верасня 1833г.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика