7 ліпеня беларуская грамадскасць адзначыць юбілей песняра беларускага народа Янкі Купалы. Народны паэт Беларусі ў свой час шчыра сябраваў з маімі землякамі са Слонімшчыны — паэтам Гальяшом Леўчыкам, літаратуразнаўцам і бібліёграфам Яўгенам Хлябцэвічам і доктарам медыцынскіх навук Андрэем Пракапчуком. Пра іх сяброўства і хочацца сёння трохі згадаць.
Янка Купала
і Гальяш Леўчык
У 1912 годзе ў Вільні ў выдавецтве “Znicz” выйшаў першы паэтычны зборнік слонімскага паэта Гальяша Леўчыка «Чыжык беларускі». Рэдактарам гэтага зборніка з’яўляўся Янка Купала. Зборнік быў надрукаваны лацінкаю. Пазней паэт хацеў выдаць яго кірыліцай. Пра гэта сведчыць і ліст Янкі Купалы да Гальяша Леўчыка, які напісаў ён 7 лютага 1914 года: “Паважаны пане! Вашага “Чыжыка” аддалі ўжо друкаваць рускімі літарамі. Будзьце ласкавы прыслаць найхутчэй клішэ вокладкі і Вашай фатаграфіі. Калі маеце зрабіць якія папраўкі, то прышліце папраўлены экзэмпляр. Астаюся са шчырай да Вас пашанай сакратар Беларускага выдавецтва Ів.Луцэвіч.
P.S. Апошнюю карэктуру кніжкі прасілі, каб Вы самі зрабілі. Ів. Л.”. Гэты ліст сёння захоўваецца ў літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску.
На жаль, зборнік Гальяша Леўчыка кірыліцай так і не пабачыў свет, бо выхаду яго перашкодзіла Першая сусветная вайна.
Пасля народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку, Янка Купала 14 лістапада 1939 года вяртаўся з Беластока ў Мінск. Па дарозе ён вырашыў заехаць у Слонім, дзе ў гэты час жыў Гальяш Леўчык, каб сустрэцца з ім. “Шаўрале”, на якім ехаў пясняр, спынілася на на вуліцы 3 Мая (цяпер вуліца Чырвонаармейская) каля невялікай хаткі № 73 (зараз яе ўжо няма, цяпер тут знаходзіцца Слонімскі аўтарамонтны завод). Убачыўшы Купалу, Гальяш моцна ўзрадаваўся. Яны абняліся, і гаспадар хаткі запрасіў госця ў свой пакой. Пасля гутаркі, яны паехалі ў першы беларускі рэстаран, які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Паабедаўшы за кошт Купалы (ён частаваў), Гальяш Леўчык паказаў, як праехаць на Мінск, і яны развіталіся. Больш сустрэцца Янку Купалу і Гальяшу Леўчыку не давялося. У «Чыжыку беларускім» слонімскі паэт апублікаваў санет «На Купалле» і прысвяціў яго Янку Купалу. Санет быў напісаны 27 чэрвеня 1907 года ў Варшаве, роўна 100 гадоў таму:
Як ранак загляне з-пад летняе ночы
Ды сонейка згоне ўсе сумныя хмары,
Пайду я дзівіцца у поле на чары,
Расою абмыю заплаканы вочы…
Пайду я у вёску пад шэрыя хаты,
Ўвайду сабе ціха пад мховыя стрэхі,
І буду збіраці дзявочыя смехі,
І буду вясёлы, і рад, і багаты!
Тагды – ўсіх дзяўчатак паслухаўшы думак,
Ля збожжа, ля кветак, пакрытых расою,
Пайду я да лесу зялёнай мяжою;
Пад голаў злажыўшы дарожны мой клунак,
На мох пад хваіну я там палажуся
І ціха за край свой тагды памалюся!..
Янка Купала
і Яўген Хлябцэвіч
У добрых і шчырых адносінах з Янкам Купалам быў літаратуразнавец і бібліёграф з вёскі Жыровічы Слонімскага раёна Яўген Хлябцэвіч (1884-1953). Пасябравалі яны яшчэ ў Пецярбурзе. Пра гэта сведчаць успаміны Яўгена Хлябцэвіча, а таксама матэрыялы з яго студэнцкай справы, уведзеныя ў навуковы абыходак Рыгорам Семашкевічам: тэлеграма Хлябцэвіча з Бельска да Купалы і заява ва ўніверсітэцкую канцылярыю, напісаная Купалам па просьбе Хлябцэвіча і іншыя.
Прыкладам знаёмства і сяброўства Хлябцэвіча з Купалам можа служыць і вядомы многім здымак, зроблены ў 1913 годзе пасля прэм’еры “Паўлінкі” у Пецярбурзе, дзе разам з Купалам, акцёрамі і пастаноўшчыкамі камедыі сфатаграфаваны і Яўген Хлябцэвіч.
Пасля вучобы ў Пецярбурзе Хлябцэвіч рэдка сустракаўся з Янкам Купалам, таму што жылі яны далёка адзін ад аднаго. І ўсё ж у 1930 годзе ў Маскве, у камуністычнай акадэміі, на пасяджэнні, прысвечаным 25-годдзю творчай дзейнасці Купалы, яны сустрэліся зноў. Янка Купала, убачыўшы перад адкрыццём пасяджэння Яўгена Хлябцэвіча, пацікавіўся яго асабістым жыццём, упікнуў літаратуразнаўцу з-за рэдкага наведвання ў Мінск… Столькі гадоў не бачыўшы адзін аднаго, ім было аб чым пагутарыць.
Яўген Хлябцэвіч напісаў і апублікаваў шмат артыкулаў пра творчасць народнага песняра. Сярод іх — “Жалейка” Янкі Купалы, “Янка Купала ў Пецярбурзе”, “Янка Купала і бібліятэкі”, “Янка Купала і Пецярбургскі універсітэт”, «Янка Купала на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева» ды іншыя. Усе яны даўно павінны быць сабраны пад адну вокладку, як памяць пра іх сяброўства, і выдадзеныя.
Яўген Хлябцэвіч быў адзін з першых, хто прыйшоў на дапамогу Уладзіславе Францаўне Луцэвіч у справе стварэння Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Яшчэ ў 1944 годзе ён напісаў успаміны і перадаў у музей матэрыялы пра пецярбургскі перыяд жыцця песняра. Пазней падрыхтаваў артыкул “Янка Купала ў Маскоўскім народным універсітэце імя Шаняўскага”, дзе выкарыстаў архіўныя матэрыялы, цікавіўся гісторыяй выдання ў 1919 годзе зборніка вершаў Купалы на рускай мове.
Пра Янку Купалу і Яўгена Хлябцэвіча можна расказваць шмат. Тым больш, што пачатак даўно зроблены літаратуразнаўцам Віталем Скалабанам, які яшчэ ў 1985 годзе апублікаваў у часопісе “Нёман” першы цікавы артыкул “Купала і Хлябцэвіч”. Пасля былі ў друку і шэраг іншых публікацый.
Янка Купала
і Андрэй Пракапчук
У канцы 20-х гадоў жыццё ў Беларусі ішло сваёй каляінай са сваімі радасцямі і засмучэннямі. Такой радасцю і разам з тым засмучэннем было для доктара медыцынскіх навук са Слонімшчыны Андрэя Пракапчука (1896-1970) знаёмства з Янкам Купалам. Засмучэннем таму, што яго блізкае знаёмства з Купалам адбылося з прычыны хваробы песняра.
Аднойчы Андрэю Якаўлевічу патэлефанавалі ў мінскую клініку і паведамілі, што тэрмінова патрэбна яго кансультацыя: захварэў Янка Купала, ёсць падазрэнне на дэрматыт, бо трэці дзень паэт скардзіцца на тое, што ў яго баліць скура на твары, пячэ, ён не можа да яе дакрануцца. І тэмпература падскочыла — 38,9…
Некалькі дзён Андрэй Пракапчук літаральна не адыходзіў ад паэта, і нарэшце лячэнне дало свае вынікі: Янка Купала паправіўся, павесялеў. На сэрцы ў доктара адлягло…
З таго часу Андрэй Якаўлевіч даволі часта бываў у доме народнага песняра і любіў там бываць, дзе заўсёды было людна, там збіралася літаратурная моладзь, гарачая, цікавая і разумная. І з Якубам Коласам ён пазнаёміўся ў Купалы, у яго гасцінным доме, дзе такой шчырай і ветлівай гаспадыняй была цёця Уладзя, яго жонка.
Збярогся да сённяшніх дзён чацвёрты том збору твораў Янкі Купалы, выдадзены ў 1940 годзе. На ім дароўны надпіс: “Дарагому прафесару, акадэміку А.Я.Пракапчуку на добрую памяць. Шчыра адданы Янка Купала. 21.04.1940 г.г., Мінск.”.
У кастрычніку 1940 года Янка Купала і Андрэй Пракапчук наведалі Гродна. Гэта, відаць, і была іх апошняя сумесная паездка па роднай Беларусі…
Сяргей ЧЫГРЫН