КАНАЛ АГІНСКАГА

Будаўніцтва канала Агінскага пачалося ў 1765 годзе на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў да балтыйскіх портаў, яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім соймам Рэчы Паспалітай (1768. Канал капалі крыху больш за дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павету, наогул канал будаваўся цягам 1765—1783 гадоў, а будаўніцтва каштавала каля 12 млн злотых, у 1790 брытанскі прэм’ер-міністр У. Піт планаваў інвестыраваць у Агінскі канал брытанскі капітал.

Міхал Казімір Агінскі займаў пасады віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага, быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, але пасля паражэння яго 3-тысячнага сканфедэравага войска ў баі пры Сталовічах (1771) быў вымушаны з’ехаць у эміграцыю. У гэты час будаўнічыя работы працягваліся (з перапынкам) за дзяржаўны кошт: прыводзіліся ў парадак прылеглыя дарогі, ачышчаліся рэкі, у т.л. Нёман. У 1775 сойм Рэчы Паспалітай абвясціў пачатак сплаву, але канал яшчэ не быў поўнасцю добраўпарадкаваны. Праз пэўны час Агінскі быў памілаваны, прыехаў у Слонім, яму былі вернутыя секвестраваныя маёнткі. Ён назаўсёды адышоў ад вайсковых справаў і амаль 30 гадоў кіраваў Слонімскім паветам.

Канал меў вялікае значэнне для Слоніма — галоўнай рэзідэнцыі М. К. Агінскага. Горад Слонім ператварыўся ў порт. Тут праходзілі грузавыя і пасажырскія судны, сплаўляўся лес. Вялікае значэнне мела і слонімская прыстань. Тут было шмат такоў, у якія засыпалася да пачатку навігацыі збожжа. Яно завозілася большай часткай зімою з навакольных мясцовасцяў. Кожны год на слонімскай прыстані грузіліся і па Шчары праходзілі некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай афіцэрамі Генеральнага штаба былі праведзены інструментальныя здымкі, рэкагнасцыровачныя работы, прамерана глыбіня канала і вызначана яго прапускная здольнасць. Да 1804 года добраўпарадкаванне было закончана і канал стаў поўнасцю суднаходным. Меў 10 шлюзаў. Па Агінскім канале пераважна сплаўлялі лес з палескіх пушчаў; плыты (1820), выцягваліся «амаль бесперарыўна на 30 міль у даўжыню, ад Ясельды да Слоніма». Перавозілі таксама збожжа, сыравіну на вотчынныя мануфактуры ў Целяханах.

У ведамасці Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, складзенай 10.9.1837 змешчаны колькасць і кошт тавараў, якія былі правезены праз Агінскі канал за 1836 год: соль, пшаніца, воцат, семя льняное, авёс, сала, гарох, жыта, гліняны і фаянсавы посуд, шкло, цэгла, дошкі, тытунь і інш. (на 1,5 млн руб.). З-за мяжы прывозілі жалеза і вырабы з яго, вырабы з каштоўных металаў, з поўдня — шоўк, віно.

Са з’яўленнем чыгуначных шляхоў значэнне Агінскага канала зменшылася. Але каналам працягваў карыстацца малы флот еўрапейскіх краін, аб чым сведчыць вялікая колькасць здымкаў старога часу з Польшчы, Германіі, Літвы і нават Галандыі. У гады Першай сусветнай вайны (1914—1918) і савецка-польскай (1920) вайны канал апынуўся ў зоне актыўных ваенных дзеянняў, што прывяло да разбурэння гідратэхнічных збудаванняў.

Польскія ўлады ўзяліся за аднаўленне воднай артэрыі. Навігацыя пачала наладжвацца з 1926, поўнасцю канал адноўлены ў 1928. У 1939 годзе пасля далучэння Заходняй  Беларусі да БССР, былі рэпрэсіраваны інжынеры, якія працавалі на канале, гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. Да 1941 года канал выкарыстоўваўся для лесасплаву, эпізадычна — для суднаходства. У Другую  сусветную вайну шлюзы і плаціны былі часткова разбураны ці пашкоджаны. Спробы аднавіць канал у пасляваенны час не мелі поспеху, у выніку рэчышча абмялела і стала зарастаць, канал страціў гаспадарчае значэнне. А зусім абяскровіла канал татальная меліярацыя. У 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы.

Сёння канал Агінскага ў Слоніме абмялеў, месцамі яго проста можна прайсці з левага берага на правы. Канал зарос кустамі, берагі абваліліся, ён патрабуе ачышчэння і добраўпарадкавання. Але ніхто гэтым не займаецца.

Віктар МАРЧЫК

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика