27 жніўня 1906 года нарадзіўся беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн. Да вайны і падчас акупацыі жыў у Слоніме.
Нарадзіўся Сяргей Новік-Пяюн у вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў збяднелай сялянскай сям’і. Маці, бацька і сёстры – усе выдатна спявалі, аднавяскоўцы звалі іх “пяюнкамі”. Сяргей быў здольны да навукі.
У Нясвіжскай гімназіі “скакаў” праз клас, здаючы экстэрнам экзамены. А ў час вучобы на Беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні браў дадаткова ўрокі жывапісу, займаўся ў прафесара Віленскай кансерваторыі. Разам з іншымі студэнтамі, апантанымі ідэяй служэння сваёй Бацькаўшчыне і яе адраджэнню, сур’ёзна рыхтуецца да будучай працы.
Вярнуўшыся дамоў, у свае Лявонавічы, арганізуе тут народны хор, тайны гурток таварыства беларускай школы, танцавальны гурт, тэатр, дзе сіламі мясцовай моладзі паставілі купалаўскую “Паўлінку”. Каб было дзе збірацца, пабудавалі Народны дом.
За актыўную беларускую дзейнасць польскія ўлады “ўпяклі” маладога энтузіяста ў пяцігадовую ссылку на Памор’е (1926 – 1931), а ў 1931г. – пад паліцэйскі нагляд у горад Слонім. З сакавіка па верасень 1939 года ён – палітычны вязень Баранавіцкай турмы.
Але ж у асяроддзі свядомых беларусаў у Заходняй Беларусі ведалі пра С.М.Новіка-Пеюна. Яшчэ ў 1926 годзе ён надрукаваў свой першы верш “Туга па Бацькаўшчыне” ў “Сялянскай ніве” пад псеўданімам Пяюн. Пазней у часопісе “Заранка” з’яўляюцца вершы для дзетак, падпісаныя псеўданімам Малады Дзядок. Па парадзе Янкі Купалы ў 1939 годзе паэт стаў падпісваць свае творы Сяргей Новік-Пяюн.
У 1940 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, ён працуе інспектарам райана, а пасля па просьбе сябра, вучонага Стаброўскага, бярэцца за арганізацыю гісторыка-краязнаўчага музея і бібліятэкі ў Слоніме (1940-1941). У 1943 годзе за антыфашысцкую дзейнасць быў асуджаны да пакарання смерцю, трапіў у Калдычэўскі лагер, дзе цудам выратаваўся з-пад расстрэлу.
Пасля вызвалення партызанамі з лагера працаваў дырэктарам Слонімскага музея (1944). Здавалася, што, нарэшце, усё дрэннае мінула. Але неўзабаве яго зноў арыштоўваюць. 20 мая 1945 года, калі ўся краіна святкавала перамогу над фашысцкай Германіяй, С.Новіка-Пеюна разам з іншымі “ворагамі народа” пагрузілі ў поезд і адправілі на 15 гадоў у запалярную Якуцію, на шахты.
Рэабілітаваны Сяргей Міхайлавіч ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 5.11.1958 года. У 1959 годзе, вярнуўшыся на Беларусь, жыў у Слоніме, Нясвіжы, а з 1960 года ў Мінску.
Поўнасцю рэабілітаваны паэт і былы настаўнік нават атрымаў даведку ў адпаведных савецкіх установах, што яму дазваляецца займацца педагагічнай працай. А на запыт С.М.Новіка-Пеюна ў КДБ, у чым жа яго віна, прыйшла папера, дзе напісана літаральна наступнае: “Шматпаважаны Сяргей Міхайлавіч, Вы ні ў чым не вінаваты…”