ГІСТОРЫЯ СЛОНІМШЧЫНЫ АД СЯРГЕЯ ЧЫГРЫНА

У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла з друку кніга беларускага літаратара, гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына пад назвай «Слонімскія падмуркі».

Выданне ўнікальнае, саліднае і сур’ёзнае, прысвечанае Слонімшчыне, яе гісторыі і помнікам, а таксама знакамітым людзям, якія адтуль родам. Падобнага выдання пра Слонім у Беларусі яшчэ не было. Шматгадовая праца аўтара вяртае чытачоў у Слонім Льва Сапегі, Міхала Казіміра Агінскага, у Слонім 1812 і 1863 гадоў, падчас Першай і Другой сусветных войнаў.

Цікава даследчык піша пра падзеі, якія не абміналі Слонімшчыну ў 1920-1930-х гадоў, пра людзей, якія там жылі, працавалі, змагаліся за родную мову і незалежнасць Беларусі.

Шмат новага і раней невядомага чытачы даведаюцца, калі прачытаюць артыкулы пра жыццёвы і творчы шлях Валянціна Таўлая, Кандрата Лейку, Сяргея Дарожнага, Лукаша Дзекуць-Малея, Генрыха Мілачэўскага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Міхаіла Міско, Алега Лойку і іншых вядомых і малавядомых слонімцаў.

Ёсць у кнізе і раздзел інтэрв’ю. Асабліва выдатна чытаецца гутарка аўтара кнігі з Янкам Саламевічам (1938-2012), якое Сяргей Чыгрын зрабіў у 2010 годзе, яшчэ пры жыцці знакамітага слонімца-энцыклапедыста, фалькларыста, калекцыянера і літаратуразнаўца.

Прадмову да кнігі напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. У прадмове ён піша: «Слонімшчыне сапраўды пашанцавала, што на яе тэрыторыі нарадзіўся і цяпер жыве такі пісьменнік-краязнавец, як Сяргей Чыгрын. Калі будзе, можа, складацца “Гісторыя Слонімшчыны” ці “Энцыклапедыя Слонімшчыны” або новая кніга накшталт “Памяці”, то цалкам мажліва, асабліва калі ўлічыць багацце матэрыялу, што вынікі росшукаў Сяргея Чыгрына, у тым ліку ўключаныя ў гэты зборнік, зоймуць там грунтоўную, а, галоўнае, адкрывальніцкую частку”.

У кнізе Сяргея Чыгрына “Слонімскія падмуркі” змешчаны 106 старых і рэдкіх фотаздымкаў, многія з якіх надрукаваны ўпершыню.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика