ГЕРОІ “МАЎГЛІ” КІПЛІНГА ЗАГАВАРЫЛІ ПА-БЕЛАРУСКУ (ФОТА)

У Слонімскім драматычным тэатры 5 кастрычніка адбылася прэм’ера спектакля для юных гледачоў паводле аповесці англійскага пісьменніка Р.Кіплінга “Маўглі”. П’есу напісаў слонімскі драматург Аляксей Якімовіч.

Ствараючы п’есу драматург узяў толькі кавалачак сюжэта з апавяданняў пра Маўглі, пачынаючы з таго моманту, як з Маўглі сустракаецца дзяўчына Месуа. Галоўны герой спектакля Маўглі (артыст Васіль Шалаеў), выхаваны на вопыце жыцця ў джунглях у вялікай воўчай сям’і і які апекуецца сваімі добрымі сябрамі-звярамі – высакародным мядзведзем Балу (артыст Віталь Спасюк), прыгожай дзяўчынай Месуа (артыстка Галіна Ерамейчык) і мудрым Шэрым Братам (артыст Раман Вайтулевіч), адважна ўступае ў змаганне з каварным і драпежным Шэр-Ханам (артыст Сяргей Яўменаў) і выходзіць з ім пераможцам. Дзякуючы непасрэднасці сцэнічнага акцёрскага існавання, трапна знойдзенай і арганізаванай сэнсавай і эмацыянальнай інтанацыі размовы выканаўцаў з юным гледачом аб пераможнасці Дабра ў барацьбе з сіламі Зла, спектакль выклікаў самую шчырую прыхільнасць, а яго станоўчыя героі – непаддзельную любоў і непасрэднае жаданне дзіцячай аўдыторыі сваім удзелам прыйсці на дапамогу сілам Дабра.

Вядома, у спектаклі, як і ў самой п’есе, зменены некаторыя дэталі сюжэта твораў Кіплінга, у мэтах яго большай сцэнічнасці. Але збераглося галоўнае — дух твораў “Кнігі Джунгляў” Кіплінга і тэма сутыкнення паміж злым і разліковым эгаізмам Шэр-Хана і законамі брацтва вольнай воўчай зграі.

Спектакль паставіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец. У кастрычніку-лістападзе са слонімскім “Маўглі” будуць знаёміцца мясцовыя і дзеці іншых рэгіёнаў Беларусі, дзе будзе гастраляваць тэатр. Спектакль ідзе на беларускай мове, у ім шмат танцаў і песень, якія дапамагаюць зрабіць невялікае падарожжа ва ўсходнюю краіну з яе экзатычным каларытам.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота аўтара.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика