13-14 студзеня 1919 года закончылася эвакуацыя нямецкіх салдат са Слоніма.
19 ліпеня (1 жніўня па новаму стылю) 1914 года пачалася расійска-германская вайна. 20 ліпеня Слонімскі павет быў аб’яўлены на ваенным становішчы.
Падзеі на франтах складаліся не на карысць Расіі, і ў хуткім часе Слонім стаў прыфрантавым горадам.
26 жніўня 1915 года фронт дакаціўся да Слоніма. Разгарэлася жорсткая бітва, якая доўжылася чатыры дні. У выніку, 3 верасня немцы занялі горад. Пачалася ваенная акупацыя, якая доўжылася амаль 40 месяцаў.
Лістападаўская 1918 года рэвалюцыя ў Германіі прыспешвала адступленне немцаў. І ў ноч з 13 на 14 студзеня 1919 года яны пакідалі Слонім.
Ранкам 14 студзеня ў Слонім увайшлі першыя чырвонаармейскія часці Гродзенскага палка. У гонар вызвалення горада ад нямецкіх акупантаў днём адбылася вялікая дэманстрацыя.