КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР (Відэа)

24 лютага 1927 года на Слонімшчыне нарадзілася Дземідовіч Надзея Раманаўна, вязень ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстаньня 1954 г.
Надзея Раманаўна была другім дзіцем у сям’і з шасці. Бацька Раман Дземідовіч у 1914—1921 ездзіў на заробкі ў ЗША, пасля вярнуўся, ажаніўся і набыў зямлю на хутары ля вёскі Дзявяткавічы. Бацькі выхоўвалі дзяцей па-беларуску насуперак польскай прапагандзе.

Надзея да 1939 годзе скончыла 4 класа польскамоўнай школы. За два дні да пачатку вайны з немцамі бальшавікі арыштавалі яе бацьку, аднак ахоўнікі ўцяклі з пачаткам бамбавання мясцовага аэрадрому, і гэта ўратавала вязняў слонімскай турмы, якія былі вызваленыя мясцовымі жыхарамі.

Увосень 1941 году Надзея пайшла вучыцца ў Слонімскую беларускую прагімназію, што страхавала ад высылкі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. У 1943 далучылася да Саюзу Беларускай Моладзі. Пасля прыходу Саветаў працягнула навучанне ў беларускамоўнай сярэдняй школе.

Неўзабаве, у снежні 1944, пачаліся арышты паплечнікаў Надзеі па СБМ. 13 снежня яна была вымушаная перайсці на нелегальнае становішча, хавалася ў сваякоў па ўсёй Беларусі. Так працягвалася да 1948 годзе, пасля чаго бацькі накіравалі Надзею па дакументах малодшае сястры Ліды да сваякоў у Казахстан.

У Петрапаўлаўску Надзея Дземідовіч скончыла курсы бухгалтараў, працавала пад чужым імем на хлебакамбінаце. Неўзабаве была вымушаная з’ехаць ад дзядзькі, які турбаваўся за свой лёс.

25 верасня 1949 была арыштаваная на працы ў Петрапаўлаўску, допыты і катаванні цягнуліся чатыры месяцы. Пасля перавезеная ў Баранавічы, дзе трыбуналам асуджаная да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Пакаранне адбывала ў Чалябінску, пасля пераведзеная ў Карагандзінскі лагер (цяпер у межах Джэзказгану). Брала ўдзел у Кенгірскім паўстанні, пасля чаго пераведзеная ў Азёрляг.

Вызваленая як цяжкахворая 19 красавіка 1956, вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала на гаспадарцы. Пасля перабралася ў Менск, да пенсіі працавала на заводзе «Гарызонт».

З 1977 году інвалід 2-й групы, з 1980 — 1-й. Цяпер жыве ў Калодзішчах пад Менскам. Рэабілітаваная ня была.

 

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика