СВЯТКАВАННЕ ДНЯ ВОЛІ ПАД ЗАБАРОНАЙ (Дакументы)

Прадстаўнікі Слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў планавалі  ў Слоніме шырока адзначыць 95-годдзе з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і 150-годдзе паўстання на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

На працягу трох дзён з 22 да 24 сакавіка планавалася правядзенне некалькіх мерапрыемстваў. У памяшканні Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа планавалася напісанне дыктоўкі на беларускай мове. У памяшканні РДК альбо ў кінатэатры “Мір” планавалася правядзенне ўрачыстага сходу. А ў гарадскім парку павінен быў адбыцца святочны мітынг.

Для правядзення запланаваных мерапрыемстваў і атрымання афіцыйнага дазволу, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў звярнуліся з пісьмовымі заявамі ў адпаведныя інстанцыі.

Аднак у чарговы раз мясцовыя ўлады не далі дазволу на правядзенне урачыстасцяў, прымеркаваных да Дня волі. Як стала вядома з пісьмовага адказу, у памяшканні бібліятэкі не атрымаецца правесці напісанне дыктоўкі, бо ў гэты дзень і час там будзе праходзіць прэзентацыя прадукцыі касметычнай фірмы.

Правесці ўрачысты сход таксама не атрымаецца, бо кіраўніцтва райвыканкама не дазволіла яго правядзенне, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі, нібыта, не выканалі ўсе патрабаванні заканадаўства. Плюс да гэта, у адказе сказана, што адміністрацыя “Слонімскага цэнтру культуры і адпачынку” і КУКП “Слонімкінавідэасетка” не маюць магчымасці прадставіць свае памяшканні ў вызначаны заяўнікамі час. Бо ў гэты дзень у РДК будзе праводзіцца семінар – прэзентацыі кампаніі “ЛамаГолд”, а ў кінатэатры “Мір” у рамках Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі плануецца паказ дзіцячых фільмаў.

У правядзенні святочнага мітынгу таксама адмоўлена. Падставай для адмовы паслужыла тое, што заяўнікі, нібыта, не выканалі ўсе патрабаванні заканадаўства. У прыватнасці, не ўказалі ў якім гарадскім парку будзе праводзіцца мітынг, бо ў нашым горадзе аж два парка: па вуліцы Опернай і Паркавай (мікрараён “Альбярцін”).

Аднак нягледзячы на забарону, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў усё ж правядуць святочнае мерапрыемства, праўда трохі ў іншым фармаце і больш сціпла.

Трэба адзначыць, што апошнія гады мясцовыя ўлады пастаянна адмаўляюць прадстаўнікам дэмакратычных сілаў у правядзенні розных мерапрыемстваў.

Як зазначае адзін з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Іван Шэга: “Свае адмовы яны рэальна нічым не абгрунтоўваюць. Сорамна за людзей, якія падпісваюць такія паперы.  Год назад такія ж недарэчныя былі адмовы на правядзенне пікетаў, у якіх яны самі запуталіся, а потым з дапамогай суддзі і пракурора ў судзе стараліся прыдаць ім прыстойны выгляд, калі я звярнуўся ў суд. Але хай гэта будзе іх праблемай. Мы проста захоўваем гэтыя “опусы”. Калі-небудзь яны, магчыма, спатрэбяцца, як доказы ў судах. Бо парушэнне правоў грамадзян, нават па загаду начальніка з’яўляецца злачынствам, а за злачынства раней ці пазней адказваць усе роўна прыдзецца. Што тычыцца 25 сакавіка, то гэта наша гісторыя, а гістарычная праўда ўрэшце-рэшт, як мы ўсе упэўніліся, заўсёды перамагае”.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика