У гістарычнай біяграфіі кожнага народу ёсць дзень, значэнне якога роўнае цэлай эпосе.
Аўтар: Мікалай Ракевіч
Ён абазначае падзею, што асвятліла шлях развіцця этнасу, стварэння ім сваёй дзяржаўнасці, вызваленне ад чужынскай няволі. Гэта – дзень – сімвал, які штогод урачыстым святочным успамінам аб’ядноўвае ўсіх грамадзян краіны.
Для грамадзян Беларусі, для ўсіх беларусаў у свеце галоўным дзяржаўным і нацыянальным святам з’яўляецца Дзень Волі 25 сакавіка. Для нас ён роўны толькі галоўным хрысціянскім рэлігійным святам.
Невыпадкова савецкая сістэма на дзесяцігоддзі выкрэсліла Дзень Волі з беларускай гісторыі. Невыпадкова і цяпер антыбеларускі рэжым прыкладае столькі намаганняў, каб прынізіць выключнае значэнне гэтага Дня, каб зацерці памяць аб ім, растварыць яго ў безлічным шэрагу псеўдаюбілеяў.
Сёння мы зноў у думках узнаўляем той час, што з’явіўся пачаткам нашай найноўшай гісторыі.
У снежні 1917 года ў Мінску склікаецца Усебеларускі кангрэс. У кангрэсе прынялі ўдзел 1872 дэлегаты ад розных слаёў грамадства. Прадстаўнікі расейскай камуністычнай партыі, якія былі запрошаны на кангрэс, убачыўшы, што незалежніцкія ідэі ў Беларусі на кангрэсе перамагаюць, вырашылі разагнаць кангрэс сілай зброі.
Насілле заўсёды было асноўным аргументам бальшавікоў.
Але ўдзельнікам кангрэсу далі прытулак мінскія чыгуначнікі. Пад іх аховай была абрана Рада і Выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езду.
21 лютага 1918г. выканкам прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі. Выканкам стварыў урад – народны камісарыят на чале з Язэпам Варонкам, які прыняў Другую Устаўную грамату, дзе акрэсліў дзяржаўны лад Беларусі. Гэта адбылося 9 сакавіка 1918 года.
25 сакавіка 1918г. створаная Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату Рады БНР. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай.
Ідэю нашай дзяржаўнасці не маглі ігнараваць і бальшавікі Расіі, якія мусілі даць беларускім камуністам дазвол на стварэнне БССР.
Дзень 25 сакавіка 1918 года стаўся пачаткам доўгага і пакутнага шляху набыцця Беларуссю сапраўднай незалежнасці. Слушна аб гэтым некалі казаў старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў: “Усё тое, што так ці інакш гаварыла аб былой гісторыі Беларусі, што так ці інакш магло напамінаць, што Беларусь – гэта не ёсць Расія, – усё гэта нішчылася, праследавалася, выпальвалася агнём ды жалезам”.
Пасля распаду СССР (чытай расійскай імперыі) 27 ліпеня 1990г. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Другі раз за ХХ стагоддзе Беларусь была абвешчана суверэннай дзяржавай, мэта якой – свабоднае развіццё, дабрабыт і годнасць кожнага грамадзяніна. Таму дзень 27 ліпеня, як і 25 сакавіка з’яўляецца святам беларускага народа.
Пры самастойнай, незалежнай, нейтральнай дзяржаве і ўмелым кампетэнтным кіраўніцтве наш народ можа жыць заможна і шчасліва. Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу.
Дык няхай запануе воля ў нашым стане,
Жыццё памкне свабодна, як рака,
І першым святам Бацькаўшчыне стане
Дзень Дваццаць Пятага Сакавіка