СВЯТКАВАННЕ ДНЯ ВОЛІ ПАД КАНТРОЛЕМ МІЛІЦЫІ (Фота)

У нядзелю, 24 сакавіка, прадстаўнікі Слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў адзначылі 95-годдзе з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі пад пільным наглядам праваахоўных органаў.

Незразумела чаму, ужо з самага ранку, каля дамоў грамадскіх актывістаў Івана Шэгі, Івана Бядко і Віктара Марчыка дзяжурылі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Практычна на працягу ўсяго дня, усе перамяшчэнні грамадскіх актывістаў па Слоніму адбываліся ў суправаджэнні легкавых аўтамабіляў з супрацоўнікамі міліцыі і КГБ. Некалькі разоў аўтамабілі актывістаў спыняліся супрацоўнікамі ДАІ для дагляду. За арганізатарамі святкавання Дня Волі быў устаноўлены татальны кантроль.

Нягледзячы на гэта, першае мерапрыемства, прысвечанае Дню Волі, прайшло недалёка ад цэнтральнага рынку, на ўзвышшы. Грамадскія актывісты запусцілі ў неба некалькі бела-чырвона-белых шарыкаў, да якіх былі прымацаваныя вымпелы з тэкстам аб гісторыі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918.).

Пасля гэтага на набярэжнай канала імя Агінскага планавалася правядзенне спартовай эстафеты. Але тут іх ужо чакалі прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія знаходзіліся ў салонах некалькіх аўтамабіляў і пільна назіралі за іх дзеяннямі. У сувязі з такой сітуацыяй, для таго, каб арганізатараў эстафеты не абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства і не прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, было прынятае рашэнне адмяніць спартыўную эстафету.

У суправаджэнні некалькіх машын сілавікоў грамадскія актывісты накіраваліся ў адзін з прыватных дамоў, дзе прайшоў заключны этап святкавання Дня Волі. Там адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 95-годдзю ўтварэння БНР і 150-годдзю паўстання на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. І напісанне усімі ўдзельнікамі дыктоўкі на беларускай мове.

Выклікае здзіўленне, для чаго з боку міліцыі і КДБ быў арганізаваны татальны кантроль за дзеяннямі грамадскіх актывістаў? Было задзейнічана больш дзесятка супрацоўнікаў праваахоўных органаў і больш пяці легкавых машын. Цікава, колькі было затрачана сіл і бюджэтных сродкаў для гэтай «спецаперацыі»?

Варта нагадаць, што першапачаткова прадстаўнікі дэмакратычных сілаў планавалі на працягу трох дзён з 22 да 24 сакавіка правесці некалькі мерапрыемстваў прысвечаных Дню Волі. У памяшканні Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа планавалася напісанне дыктоўкі на беларускай мове. У памяшканні РДК альбо ў кінатэатры “Мір”, планавалася правядзенне ўрачыстага сходу. А ў гарадскім парку павінен быў адбыцца святочны мітынг.

Але на жаль, мясцовыя ўлады не далі дазволу на правядзенні гэтых мерапрыемстваў, таму арганізатары былі вымушаныя змяніць фармат і маштаб святкавання Дня Волі. Аднак ніхто не чакаў, такіх беспрэцэдэнтных мераў з боку праваахоўных органаў.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика