“ФЭСТ ЭКСКУРСАВОДАЎ” У СЛОНІМЕ

У чацвер, 18 красавіка, у рамках “Фэсту экскурсаводаў” у Слоніме адбудзецца бясплатная экскурсія “Старажытны Слонім”.

“Фэст экскурсаводаў” узнік у 2009 годзе з мэтай пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што жывучы на адным месцы досыць доўга ўсё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. “Адкрыць вочы” мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!

“Фэст экскурсаводаў” штогод праводзіцца 18 красавіка ў Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Святкаванне Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін прапанавана ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і памятных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА, з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да захавання аб’ектаў культурнай спадчыны.

Гэтае свята – свята нашай культурнай спадчыны, нашых архітэктурных помнікаў і прыродных запаведнікаў, нашых фальклорных і навуковых здабыткаў, гістарычнай памяці — усяго таго, што аб’ядноўвае нас як нацыю.

Экскурсія «Старажытны Слонім» пройдзе ў нашым горадзе 18 красавіка. Яе правядзе слонімец, гісторык і краязнаўца Дзяніс Юрчык. Збор усіх жадаючых у 18:00 каля летняга амфітэатра ў гарадскім парку па вуліцы Опернай.

http://fest.icomos.by/p/blog-page.html

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика