1 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Чамяры нарадзіўся Якуб Міско – беларускі журналіст, празаік, публіцыст, паэт, перакладчык, крытык.
У 1925—28 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Друкавацца пачаў у 1926 (у падпольным часопісе вучняў гімназіі «Наперад»). Публікаваўся ў польскіх газетах. У 1932—34 працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганне»; у 1933—34 у рэдакцыі віленскай «Беларускай газеты» (легальнае выданне КПЗБ). На працягу 1930-х г. неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах. У лістападзе 1939 разам з братам арыштаваны НКВД. Вызвалены пасля ўмяшання П.Панамарэнкі. У 1940—41 літсупрацоўнік лідскай раённай газеты «Уперад». Падчас Вялікай Айчыннай вайны на фронце; дэмабілізаваўся ў званні маёра. У 1948—49 вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У 1947—76 працаваў у «Сельской газете»; у 1976—81 у часописе «Коммунист Белоруссии». Член Саюза журналістаў Беларусі з 1958. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1967). Аўтар успамінаў пра вызваленчую барацьбу ў Заходняй Беларусі; пісаў водгукі і рэцэнзіі на кнігі М.Танка, Я.Брыля, А.Адамовіча, М.Машары, В.Казько і інш. Перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.