СЛОНІМЦЫ АКТЫЎНА ПАДПІСВАЮЦЦА Ў АБАРОНУ ДОКТАРА

Сярод жыхароў Слоніма працягваецца збор подпісаў у абарону доктара-траўматолага Івана Шэгі. Ужо сабрана больш за 1000 подпісаў пад зваротам у розныя інстанцыі, ў якім людзі просяць не звальняць з працы вопытнага доктара.

Таксама з мэтай дабіцца магчымасці лячыцца ў вопытнага доктара, якому людзі давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў,  27 чэрвеня ў Слоніме плануецца правядзенне пікету. З адпаведнай заяўкай на атрыманне дазволу ў мясцовы райвыканкам звярнуліся мясцовыя грамадскія актывісты.

Нагадаем, што у гэтым годзе Івану Шэга споўнілася 60 год, 30 з якіх ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы. У красавіку гэтага году, галоўны ўрач бальніцы Юры Пяцельскі даслаў Івану Шэгу ліст з паведамленнем, што кантракт з ім будзе працягнуты яшчэ на 1 год: з 28 чэрвеня 2013г.  да 27 чэрвеня 2014 года. Аднак, прайшоў толькі месяц, і, раптам галоўны ўрач бальніцы Юры Пяцельскі перадумаў і змяніў сваё рашэнне. 21 мая Іван Шэга атрымаў ад Пяцельскага новае пісьмо, дзе галоўны ўрач папярэджвае: “Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня 2013г. Вы будзеце звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта, п.2 ст.35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.

Многія слонімцы лічаць, што Івана Шэгу хочуць звольніць з-за яго актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці, якая не вельмі падабаецца мясцовым уладам. Бо інакш не зразумела чаму, у той час, калі не хапае ў Слоніме траўматолагаў і іншых дактароў,  звальняюць вопытнага спецыяліста.

Кожны жадаючы можа выказацца ў падтрымку Івана Шэгі і звярнуцца з пісьмовым зваротам у розныя інстанцыі. Для гэтага неабходна паставіць свой подпіс пад зваротам і выслаць яго заказным лістом на адрас Слонімскага райвыканкама (вул. Чырвонаармейская,40, г.Слонім, 231800), адаслаць копію – ў Гродзенскі аблвыканкам (вул. Ажэшка, г. Гродна, 3230023), копію – ў Міністэрства аховы РБ (вул. Мяснікова,39, г. Мінск, 220048), копію – у адміністрацыю Прэзідэнта (вул. К. Маркса,38, г. Мінск, 220016).

У розныя інстанцыі можна таксама выслаць электронны зварот. Электронны адрас Слонімскага райвыканкама – http://slonim.grodno-region.by/ru/reference_of_committee/elect_obr , Гродзенскі аблвыканкам – http://region.grodno.by/ru/dfge/obr, Міністэрства аховы – http://minzdrav.gov.by/ru/social_reception, адміністрацыя Прэзідэнта – http://og.president.gov.by/.

Прапануем Вам скачаць узор пісьмовага звароту. Раздрукуйце зварот, збярыце прынамсі некалькі подпісаў сярод родных і знаёмых і адашліце яго ў розныя інстанцыі.

Справядлівасць ёсць, але яе трэба дабівацца!

Скачаць узор пісьмовага звароту ў фармаце Word

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика