КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

18 чэрвеня 1806 года ў маёнтку Парэчча Слонімскага павета нарадзіўся Міхал Валовіч — арганізатар нацыянальна-вызваленчага руху, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў.

Міхал Валовіч скончыў Віленскі ўніверсітэт. Прыняў удзел у паўстанні 1830-31, у сувязі з яго паражэннем быў вымушаны эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў прыняць удзел у яго ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Ю. Заліўскага Валовіч узначаліў слонімска-навагрудскую акругу. 19 сакавіка 1833 паўстанцы перайшлі расійскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гродзеншчыне. У атрад Валовіча прыйшлі сяляне з вёсак Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гродзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць атрад над Шчарай. Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 у Гродне пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. Міхал Валовіч быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. Валовіча павесілі ў Гродне 2 жніўня 1833 года. Астатнія паўстанцы былі сасланы ў Сібір – на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика