ЧЫНОЎНІКІ ІГНАРУЮЦЬ ПРОСЬБЫ СЛОНІМЦАЎ

Усе шматлікія звароты жыхароў Слоніма ў розныя інстанцыі з просьбай працягнуць працоўны кантракт доктару-траўматолагу вышэйшай катэгорыі Івану Шэга засталіся безвыніковымі, 27 чэрвеня яго звольнілі з працы.

Нагадаем, што у гэтым годзе Івану Шэга споўнілася 60 год, 30 з якіх ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы. У красавіку гэтага году, галоўны ўрач бальніцы Юрый Пяцельскі даслаў Івану Шэга ліст з паведамленнем, што кантракт з ім будзе працягнуты яшчэ на 1 год, з 28 чэрвеня 2013г. да 27 чэрвеня 2014 года. Аднак, прайшоў толькі месяц, і, раптам галоўны ўрач бальніцы Юрый Пяцельскі перадумаў і змяніў сваё рашэнне. 21 мая Іван Шэга атрымаў ад Пяцельскага новы ліст, дзе было сказана: “Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня 2013г. Вы будзеце звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта, п.2 ст.35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.

Як толькі пацыенты доктара Івана Шэгі даведаліся пра тое, што яго збіраюцца звольніць, адразу пачалі збіраць подпісы пад зваротам у розныя інстанцыі. Менш, чым за месяц было сабрана больш за паўтары тысячы подпісаў, якія былі адасланыя ў Слонімскі райвыканкам, Гродзенскі аблвыканкам, Міністэрства аховы здароўя  і Адміністрацыю прэзідэнта.  У пісьмовым звароце людзі прасілі даць ім магчымасць лячыцца ў вопытнага доктара, якому яны давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў.

Таксама ў падтрымку доктара Івана Шэга выступілі прадстаўнікі мясцовых палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, якія накіравалі пісьмовы зварот старшыні Слонімскага райвыканкаму. Акрамя гэтага, на 27 чэрвеня было запланавана правядзенне пікета ў падтрымку доктара і правоў пацыентаў. Аднак пікет не дазволілі з прычыны таго, што ў гэты час у парку пройдзе мерапрыемства ГА БРСМ.

У чарговы раз чыноўнікі праігнаравалі просьбы мясцовых жыхароў і не далі магчымасці далей працаваць доктару Івану Шэга. На ўсе звароты, чыноўнікі даюць звычайныя адпіскі, дзе пішуць, што звальненне Івана Шэгі адбылося ў рамках закону.

Шматлікія слонімцы лічаць, што Івана Шэгу звольнілі за ягоную актыўную грамадска-палітычную дзейнасць ў Слоніме.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика