НАСТУП НА «ЗЯЛЁНУЮ ЗОНУ» У РАЁНЕ ВУЛІЦ ВОЙКАВА І БАРАВОЙ ПРАЦЯГВАЕЦЦА (Фота)

Жыхары Слоніма неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі ў сувязі з катастрафічным экалагічным станам прыгараднага лесу ў мікрараёне Альбярцін уздоўж шашы на Баранавічы.

Аўтар: Іван Шэга

Іх непакоіла забруджванне лесу бытавымі і будаўнічымі адкідамі, а таксама спробы мясцовых уладаў знішчыць частку ляснога масіву, землі якога запланаваны пад будаўніцтва “харомаў” для мясцовых, не самых бедных, чыноўнікаў розных рангаў.

Гэтае супрацьстаянне мясцовых уладаў Слоніма і грамадзян працягваецца і сёння. У студзені бягучага года Слонімскі лясгас правёў так званае “санітарнае прарэджванне“ ў зялёнай зоне, знішчыўшы траціну дрэваў. На звароты грамадзян з гэтай нагоды, улады кляліся, што будаўніцтва ў гэтым месцы не будзе, што гэта планавае мерапрыемства. Аднак гэта быў чарговы падман. На той момант ужо было прынятае чарговае рашэнне Слонімскага райвыканкама пра выдзяленне ўчастка пад будаўніцтва па вуліцы Войкава ў межах часткова гарадскіх зямель, якія належаць лясгасу. Акрамя таго ўчасткі выдзелілі і там, дзе праходзіць дарога. Ізноў пайшлі пісьмы ў розныя інстанцыі. Цяпер слонімскія ўлады прапануюць жыхарам вуліцы Войкава пабудаваць новую дарогу, але для гэтага зноў жа трэба знішчыць частку ляснога масіву. Такое ўражанне, што ў нас мала зямлі і ў другім месцы пляцоўку пад будаўніцтва проста немагчыма знайсці! Аднак гэта не так, і трэба шукаць другую прычыну такой настойлівасці. А яна падаецца відавочнай. І пара ўжо было адпаведным структурам правесці праверку такой упартасці райвыканкама ў гэтым пытанні.

Не лепшыя справы і з забруджваннем ляснога масіву. Практычна кожны дзень у гэтым лесе з’яўляюцца новыя кучы смецця. Жыхары горада звярталіся ў Слонімскі раённы Савет дэпутатаў з прапановай забараніць праезд у “зялёную зону” прыватнага аўтатранспарта, на якім і завозіцца сюды смецце. Тым больш, што лес невялікі і прыпаркаваць аўтамабіль на абочыне ёсць дзе для аматараў адпачынку на прыродзе. Але раённы Савет у асобе старшыні Сяргея Рагозіка адмовіўся разглядаць гэта пытанне, абыйшоўшыся чарговай адпіскай. А між тым на ўборку і вываз смецця з лесу кожны год выдаткоўваюцца з бюджэту немалыя грошы, якія б можна было б выкарыстаць куды як лепей. Вось вам і ўся “беражлівасць”. Вынікае, што цяперашнія слонімскія ўлады на месцах проста не могуць эфектыўна кіраваць, па прычыне поўнай безадказнасці перад жыхарамі. Яны абсалютна не зацікаўлены нешта рабіць на іх карысць, а толькі стараюцца дагадзіць вышэйшаму начальству і вырашаць свае ўласныя праблемы.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика