У суботу, 3 жніўня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося ўшанаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.
Традыцыйна ўсе сабраліся каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцам, які знаходзіцца на парэцкіх могілках. Мерапрыемства адкрыў кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Пасля выступіў кіраўнік Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Шэга, літаратар, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын і іншыя прамоўцы. У сваіх выступленнях слонімцы прыгадвалі паўстанцаў 1830-1831 гадоў і тых, хто паклаў свае жыцці за свабоду Беларусі.
Варта адзначыць, што на пярэдадні мерапрыемства быў абноўлены памятны знак Міхалу Валовічу і яго паплечнікам. На мемарыяльную пліту, якая была пастаўлена ў 2003 годзе, была пакладзена новая пліта. Абнаўленне памятнага знаку адбылося дзякуючы фінансавай дапамозе гродзенскага грамадскага актывіста Аляксандра Талерчыка, які родам з вёскі Парэчча і які некалі напісаў і выдаў кнігу пра родную вёску і Міхала Валовіча.
Міхал Валовіч быў родам з вёскі Парэчча Слонімскага павета, ён там меў маёнтак і ўласную зямлю. Міхал Валовіч скончыў Віленскі ўніверсітэт. Прыняў удзел у паўстанні 1830-31, у сувязі з яго паражэннем быў вымушаны эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў прыняць удзел у яго ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Ю. Заліўскага Валовіч узначаліў слонімска-навагрудскую акругу. 19 сакавіка 1833 паўстанцы перайшлі расійскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гродзеншчыне. У атрад Валовіча прыйшлі сяляне з вёсак Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гродзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць атрад над Шчарай. Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 у Гродне пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. Міхал Валовіч быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. Валовіча павесілі ў Гродне 2 жніўня 1833 года. Астатнія паўстанцы былі сасланы ў Сібір – на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.