КАЗКА АБ “НЕБЯСПЕЧНЫХ ДРЭВАХ”

Атрымаў адказ ад 26.07.2013 на калектыўную скаргу грамадзян Слоніма ў сувязі са знішчэннем ляснога масіву па вуліцы Войкава ад Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Аўтар: Іван Шэга

Як вынікае з яго, 10 векавых сосен у “зялёнай зоне” былі высечаны і выкарчаваны па прычыне таго, што яны, згодна акта Слонімскага лясгаса ад 04.07.2013г, прызнаны небяспечнымі. А ініцыяваў працэс прызнання іх “небяспечнымі” Слонімскі райвыканкам, направіўшы адпаведны ліст 02.04.2013 года ў Слонімскі лясгас. І вось ужо Слонімскі лясгас вызначае 10 “небяспечных” дрэваў у выдзяле №3 квартала 156 Альбярцінскага лясніцтва і выпісвае адпаведны дакумент ГУП ЖКГ. А той 10-1107.2013 спілоўвае гэтыя “небяспечныя дрэвы” і  выкарчоўвае пні. Пры гэтым, як напісана ў адказе, быў парушаны жывы надглебавы пакроў, што прывяло да пашкоджання  навакольнага асяроддзя. Адпаведна супраць ГУП  ЖКГ распачаты адміністрацыйны працэс, а таксама напраўлены ліст у Слонімскі лясгас, аб папярэднім апавяшчэнні грамадзянаў і Слонімскай гаррайінспекцыі аб плануемых вырубках у гэтым лясным масіве. Даволі цікавы адказ, асабліва ў частцы “небяспечных” дрэваў. Якую небяспеку і каму яны ўяўлялі? Магутныя сосны, якія б яшчэ прастаялі не адзін дзесятак гадоў! У нашым мікрараёне ўсе жыхары ведаюць, што дрэвы былі знішчаны таму, што трэба было пракладваць дарогу да тых дамоў па вуліцы Войкава, што ад лесу. А дарогу трэба было пракладваць таму, што Слонімскі райвыканкам выдзяліў пляц пад будаўніцтва прыватнага дома акурат на дарозе, якая ўжо існавала, пазбавіўшы магчымасці жыхароў вуліцы пад’ехаць на аўтамабілі да свайго дома. Знішчаныя дрэвы перашкаджалі будаўніцтву гэтай дарогі, таму і сталі “небяспечнымі”. Гэта –праўда, а тое, што напісана ў адказе — хлусня. Мне падаецца, што такая нахабная ўпартасць у пытанні выдзялення пляцаў пад прыватнае будаўніцтва ў “зялёнай зоне” Слоніма магчыма патлумачыць толькі нейкімі карупцыйнымі суадносінамі зацікаўленымі ў іх асобаў. Пара ўжо правесці сур’ёзную праверку гэтай “зацікаўленасці” і адпаведнымі праваахоўным структурам.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика