КІРАЎНІК СЛОНІМСКАЙ БХД НАВЕДАЎ НАРВЕГІЮ

Нядаўна беларуская дэлегацыя прадстаўнікоў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», у складзе якой быў старшыня Слонімскай гарадской арганізацыі Іван Бядко, наведала Нарвегію.

Хрысціянска-дэмакратычная партыя Нарвегіі (KrF) запрасіла сваіх беларускіх партнёраў пазнаёміцца з ходам перадвыбарчай кампаніі ў парламент, выбары ў які адбудуцца 9 верасня.

Прадстаўнікі БХД мелі магчымасць прыняць удзел у святочных мерапрыемствах і даведацца пра разнастайныя выбарчыя тэхналогіі.

Пасля вяртання на Радзіму, Іван Бядко коратка падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі.

— Усё пачалося з таго, што мы прызямліліся ў горадзе Крысціансанд на беразе мора і праехалі амаль праз усю Нарвегію. Мяне ўразіла іх прырода з яе скаламі, паселішчы на скалах, узбярэжжа, чыстыя добраўпарадкаваныя гарады і дарогі, шматлікія тунэлі і шмат іншага.

Першы наш прыпынак быў у г.Арэндаль, дзе партыя KrF ладзіла адкрыццё выбарчай кампаніі. Прадстаўленне партыі і яе кандыдатаў на будучых выбарах ператварылася ў сапраўднае свята дэмакратыі.

Наша дэлегацыя ўдзельнічала ў розных семінарах, перадвыбарчых мерапрыемствах, сустрэчах з кандыдатамі ў дэпутаты і г.д. Мяне вельмі здзівіла тое, што ў часе правядзення розных масавых вулічных мерапрыемстваў, я там не ўбачыў ніводнага паліцэйскага, і ўсё праходзіла прыстойна і спакойна.

Мы таксама наведалі Ставангер і мелі сустрэчы з кандыдатамі на парламенцкія выбары ад рэгіёну Рагаланд і дзеючымі дэпутатамі рэгіянальнай рады Рагаланду. Наведвалі розныя выбарчыя ўчасткі для галасавання і ўбачылі, як там праходзіць датэрміновае галасаванне. У адрозненні ад нашага галасавання, там членам выбарчых камісій нават у галаву не прыходзіць думка аб тым, каб нешта падтасаваць і падмануць выбаршчыкаў.

Карацей, мне вельмі спадабалася паездка ў Нарвегію, я атрымаў шмат пазітыўных уражанняў, добры досвед і палітычны вопыт. Там я пазнаёміўся з сапраўднай дэмакратыяй – зазначыў Іван Сямёнавіч.

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика