20 верасня 1929 года Іосіф Стаброўскі адкрыў у Слоніме краязнаўчы музей.
Іосіф Стаброўскі (1870 – 1968) — беларускі археолаг і краязнавец, Член-карэспандэнт Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства, заснавальнік Слонімскага краязнаўчага музея і хавальнік яго фондаў. Нарадзіўся ў невялікім родавым маёнтку Орлавічы.
Іосіф Іосіфавіч пачаў сваю кар’еру як вайсковец. Першую сусветную вайну Іосіф Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. Але з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесіянальна-ваеннымі, хоць Іосіф Іосіфавіч, як расказваюць блізкія яму людзі, да канца дзён не здымаў шыняля. У 1921 годзе Іосіф Стаброўскі вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Ён збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляе гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Стаброўскага меліся такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытнаславянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два лісты Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы ХVI — XVII стагоддзяў, іншыя рарытэты. А што датычыць, напрыклад, каменнага ідала, дык пра яго Стаброўскі напісаў нават даследчы артыкул і змясціў у красавіцкім нумары часопіса “Беларусь” за 1946 год. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Стаброўскі зноў пачаў збіраць калекцыі, прыводзіць у належны стан рукапісы, кнігі, фатаграфіі і займацца абсталяваннем музейных пакояў…І кожны, хто яго ведаў, здзіўляўся працаздольнасці і настойлівасці гэтага чалавека, якому ўжо тады ішоў восьмы дзесятак.Іосіф Стаброўскі быў не толькі археолагам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 (!) курганоў на Гарадзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўству і гісторыі. Дарэчы, першы яго артыкул быў надрукаваны аж у 1899 годзе ў сакавіцкім нумары часопіса “Исторический Вестник”. Праца мела назву “К вопросу об ископаемых стеклянных шарах”.На роднай Слонімшчыне, да апошніх сваіх дзён Іосіф Стаброўскі на 99-м годзе жыцця памёр ў беднасці і забыты мясцовымі ўладамі. Хоць ніколі яго не забываў КГБ, пад наглядам якога выбітны патрыёт пражыў усе паваенныя гады…