Аб платных медыцынскіх паслугах
Паводле закона “ Аб ахове здароўя”(арт.19) кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права атрымаць медыцынскую дапамогу ў любой арганізацыі аховы здароўя і любога медыцынскага работніка прыватнай сістэмы аховы здароўя па сваім выбары за кошт уласных сродкаў, альбо сродкаў фізічных ці юрыдычных асобаў. Парадак аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя рэгулюецца адпаведным палажэннем, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў РБ №871 ад 28.06.02 г., а таксама законам РБ “Аб абароне правоў спажыўцоў.” Платныя паслугі яўляюцца дадатковымі да гарантаванага аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі. Платныя паслугі могуць ажыццяўляць установы аховы здароўя, якія маюць адпаведны дазвол(ліцэнзія). Прадстаўленне платнай медыцынскай паслугі адбываецца выключна на падставе пісьмовай дамовы, заключанай паміж пацыентам і арганізацыяй аховы здароўя на падставе заявы грамадзяніна. У гэтай дамове рэгламентуецца аб’ём платных медыцынскіх паслугаў, умовы і тэрміны іх атрымання, парадак разлікаў, правы абавязкі і адказнасць бакоў. Пры заключэнні дамовы пацыент мусіць быць абавязкова праінфармаваны пра магчымыя неспрыяльныя наступствы і ступень верагоднасці іх надыходу, інакш , калі такія наступствы пацягнуць прычыненне шкоды здароўю хворага, гэта можа быць падставай для спагнання кампенсацыі.
Правы пацыента – спажыўца платных медыцынскіх паслуг
— Патрабаваць прадстаўлення платных медыцынскіх паслугаў у адпаведнасці з пратаколамі абследавання ці лячэння
— Патрабаваць звесткі пра наяўнасць у арганізацыі аховы здароўя ліцэнзіі на аказанне дадзенага віду паслугі
— Атрымліваць інфармацыю аб разліку коштаў платнай медыцынскай паслугі
— Аплочваць медыцынскія паслугі ва ўстановах банкаў, альбо арганізацыях аховы здароўя як наяўнымі грашыма, так па безнаяўным разліку.
Абавязкі арганізацыяў аховы здароўя пры аказанні платных паслуг
— Забяспечыць адпаведнасць платных медыцынскіх паслуг патрабаванням, якія прад’яўляюцца да метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння, дазволеных у Беларусі.
— Забяспечыць насельніцтва бясплатнай, даступнай і дакладнай інфармацыяй, у тым ліку звесткамі пра месца знаходжання дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, рэжыме працы,пераліку платных медыцынскіх паслуг, а таксама звесткі пра ільготы для асобных катэгорый грамадзянаў і кваліфікацыі спецыялістаў
— Выдаваць спажыўцу медыцынскіх паслугаў дакумент, які падцвярджае атрыманне наяўных грошаў у адпаведнасці з правіламі вядзення касавых аперацыяў
— Забяспечыць своечасовы разгляд прэтэнзіяў ад спажыўца.
Рэгуляванне спрэчак паміж пацыентамі і арганізацыяй аховы здароўя пры аказанні платных паслуг
У выпадку невыканання дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя тэрмінаў ажыццяўлення платных медыцынскіх паслуг, спажывец мае права па ўласным выбары:
1. Даць згоду на новы тэрмін аказання паслугі
2. Патрабаваць выканання паслугі іншым спецыялістам
3. Патрабаваць выплаты няўстойкі ў парадку і размеры вызначанай дамовай
4. Скасаваць дамову і запатрабаваць кампенсацыі стратаў у судовым парадку
Калі была нанесена шкода жыццю, альбо здароўю пацыента, ён мае права патрабаваць кампенсацыі стратаў, а таксама маральнай шкоды ў адпаведнасці з заканадаўствам РБ.
Інфармацыйна-кансультатыўная ўстанова “Шэгамедкансульт”