УЛАДЫ СПАЛОХАЛІСЯ ПІРАТЭХНІЧНЫХ СРОДКАЎ І АДКРЫТАГА АГНЮ?

5Слонімскі райвыканкам чарговы раз адмовіў грамадскаму актывісту Алесю Масюку правесці пікет у падтрымку нашай газеты.

Алесь Масюк падаў у райвыканкам дзве заяўкі на правядзенне ў гарадскім парку пікетаў 17 і 18 снежня за права чытачоў “Газеты Слонімскай” падпісвацца на газету ў аддзяленнях РУП “Белпошта” і купляць яе ў кіёсках “Саюздруку”. Адказы за подпісам намесніка старшыні Слонімскага райвыканкама Сяргея Юшкевіча прыйшлі аднолькавыя на дзве заяўкі: “Паведамляем, што накіраваныя Вамі ў Слонімскі раённы выканаўчы камітэт дакументы не ў поўнай меры адпавядаюць артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. “Аб масавых мерапрыемствах”, — гаворыцца ў пачатку ліста. А далей гучыць, мабыць, самае цікавае ў гэтым пасланні ўлады грамадзяніну: — Вам адмоўлена ў правядзенні масавага мерапрыемства… так як у заяве адсутнічаюць звесткі аб выкарыстанні піратэхнічных сродкаў і адкрытага агню”.

—Піратэхніку ўзрываць ды вогнішчы паліць у парку на Опернай мы, натуральна, не збіраліся — не тая нагода. Таму ніякіх згадак пра тое ў заяўцы не было і не магло быць. Але ўладам, як заўсёды, патрэбна была прычына, каб не дазволіць пікет, і яны яе знайшлі, — пракаментаваў сітуацыю з чарговай адмовай у правядзенні пікету Алесь Масюк.

У гэтай серыі адмоваў (а ў дадзеным выпадку гэта ўжо чацвёртая па ліку адмова) як здзек гучаць абавязковыя прыпіскі напрыканцы кожнага ліста ад уладаў: “Прынятае па Вашай заяве рашэнне можа быць абскарджана ў судовым парадку”.

Суды, як вінцікі адной сістэмы, заўсёды ў такіх выпадках падтрымліваюць выканаўчую ўладу. Так было ў судзе Слонімскага раёна, дзе Алесь Масюк абскарджваў адмову выканкама на правядзенне пікету. Так сталася і ў Гродзенскім абласным судзе, дзе грамадскі актывіст паспрабаваў абскардзіць рашэнне раённага суда. Каб не задаволіць скаргу Масюка, 11 снежня абласному суддзі спатрэбілася менш за 10 хвілін.

Аўтар: Мікола Канановіч

“Газета Слонімская”

17.12.13г.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика