5 студзеня 2012 года памёр слонімскі калекцыянер, журналіст Міхаіл Рылко.
Міхаіл Іванавіч нарадзіўся ў мястэчку Ганцавічы, на Брэстчыне. Яго школьная пара супала з ваенным ліхалеццем. Таму ён вучыўся са спазненнем, а працаваць пачаў не па ўзросту з апераджэннем – на заводзе ў Барнаўле, у Пожвінскім лясгасе на Урале, на асваенні цаліны ў Кустанайскім краю, а ў войску служыў на далёкім Усходзе – г. Савецкая Гавань (закончыў службу ў 1956 г.).
У 1969 годзе ў Мінску ў БДУ абараніў дыплом журналіста, жыў і працаваў у Слоніме: спачатку карэспандэнт-арганізатар раённага радыё – да 1980 года, потым уласны карэспандэнт “Гродненской правды” – да 1988 года. Друкаваўся ў рэспубліканскіх часопісах, газетах, з’яўляўся грамадскім карэспандэнтам газеты “Голас Радзімы”, кіраўніком карпункта газеты “Знамя юности”. У выдавецтве “Беларусь” выйшлі яго кнігі: нарысы “Чайковские” – 1979 г., гісторыка-эканамічны нарыс “Слоним” (у сааўтарстве) – 1981 г., дакументальная аповесць “Красный поезд” – 1984 г. Займаў першыя і прызавыя месцы ў конкурсах журналісцкага майстэрства, узнагароджаны Ганаровай граматай бюро ЦК ЛКСМБ, памятным медалём Усесаюзнай экспедыцыі “Доблесть” – за вялікі ўклад у патрыятычнае і працоўнае выхаванне моладзі.
З 1985 года захапіўся збіральніцтвам даўніны па гісторыі, культуры і побыту Беларусі, асабліва па заходніх рэгіёнах – Гродзеншчына, Брэстчына, Міншчына. З сабранага ў верасні 1997 г. адкрыты музей-майстэрня “Беларускае мястэчка”. На аснове музея створана клубнае культурна-асветніцкае аб’яднанне “Вечавыя званы”, якое ставіць сваёй мэтай садзейнічаць паскарэнню духоўнага аднаўлення жыцця сярэдняга саслоўя насельніцтва Беларусі – асновы асноў у развіцці дзяржавы. Саматугам, за кошт уласных сродкаў пабудаваны на сядзібе флігель, асобныя плошчы для размяшчэння і захавання экспанатаў. У асноўных фондах разам з бібліятэкай і архівам утрымліваецца 36 тысяч адзінак захавання. За калекцыі экспанатаў, прадстаўленых на выставах, атрыманы Дыплом 1-ай ступені ВДНГ БССР у 1990 г., Дыплом рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ў 1997 г. Па матэрыялах музея ў 2001 годзе кінастудыя “Беларусьфільм” выпусціла дакументальную стужку “Столькі гадоў…”, у 2008 г. напісана кніга-вернісаж “Рэнесанс беларускага мястэчка”.