Сотні просьбаў слонімцаў уключыць “Газету Слонімскую” ў падпісны каталог РУП “Белпошта” і даць магчымасць газеце свабодна рэалізоўвацца праз шапікі “Гроднааблсаюздруку” ў 2013 годзе так і не былі пачуты чыноўнікамі. Кіраўніцтва РУП “Белпошты” не хоча ўключаць “Газету Слонімскую” ў падпісны каталог, бо лічыць гэта немэтазгодным.
Відаць, і мясцовыя ўлады не жадаюць, каб нашы жыхары маглі свабодна выпісваць газету на пошце і купляць яе ў шапіках “Белсаюздруку”. Бо інакш як патлумачыць той факт, што ўжо дзясяты раз мясцовыя ўлады не даюць дазвол правесці ў Слоніме пікет за права жыхароў Слонімскага раёна свабодна афармляць падпіску на «Газету Слонімскую» ў РУП «Белпошта» і свабодна яе купляць у шапіках «Белсаюздрука»?
У сваёй дзясятай заяўцы грамадскі актывіст Алесь Масюк прасіў даць дазвол правесці пікет у сераду, 15 студзеня, у гарадскім парку. Аднак мясцовыя ўлады зноў не дазволілі праводзіць пікет на падставе таго, што, згодна з планам Слонімскай ЖКГ, у гарадскім парку з 14 студзеня будуць праводзіцца работы па фарміраванні кроны дрэў і санітарная ачыстка тэрыторыі.
Крыніца: “Газета Слонімская”