Ну вось, дачакаліся так званыя нацыяналісты — Лукашэнка прапанаваў выпрацаваць нацыянальную ідэю. Можа, не выключаю такога, хутка будзе арганізаваны конкурс нацыянальных ідэй. Краіна больш 20 гадоў пражыла без нацыянальнай ідэі, але з ідэалогіяй, а цяпер мы даспелі да таго, каб урэшце, як у другіх людзей, з’явілася і ў нас свая “дамарошчаная” нацыянальная беларуская ідэя. Гэты год вогуле пачаўся трохі дзіўна. Лукашэнка ці то ўсур’ёз, ці то з гумарам паведаміў, што дыктатура ў Беларусі заканчваецца. У сваю чаргу майстар пастаноўкі “бліскучых”перамог цяперашняй улады на выбарах розных узроўнеў Ярмошына загаварыла, што часы адміністратыўнага рэсурсу на выбарах прашлі. Дык што, можа нам усім радавацца, што Гасподзь нарэшце даў пэўны імпульс гэтым людзям ў іх мазгі ды ўключыў рэшткі іх сумлення? Але нешта падказвае мне, што радавацца зарана. Па-першае, Лукашэнка ўжо не першы раз абяцае правесці свабодныя дэмакратычныя выбары, але заўсёды падманвае. Па-другое, ў яго сваё ўласнае разуменне некаторых паняццяў і тэрмінаў, якое адрозніваецца ад агульнапрынятага. Напрыклад ва ўсім свеце апазіцыйныя партыі-гэта нармальная з’ява, неабходная для добрага функцыянавання дзяржавы, бо яны генерыруюць нейкія ідэі, распрацоўваюць праграмы развіцця і г.д. У нас жа з падачы таго ж Лукашэнкі — гэта адмарозкі і пятая калона, ворагі, з якімі трэба змагацца любымі спосабамі, не саромячыся. А дэмакратыя? Ва ўсім свеце – гэта такі палітычны лад, пры якім функцыі ўлады належацць народу, дзе на першым месцы стаіць пытанне правоў чалавека. У нас народ практычна адхілены ад улады праз адсутнасць сапраўдных выбараў, а правы чалавека не шануюцца і парушаюцца дзе толькі можна. Але ўсё гэта не перашкаджае Лукашэнку сцвярджаць, што толькі ў нас і ёсць сапраўдная дэмакратыя. Менавіта пагэтаму я стаўлюся да ініцыятывы нашага правіцеля наконт нацыянальнай ідэі з насцярогай. Калі б ён быў шчырым, то павінен быў-бы пачаць з рэабілітацыі беларускай мовы, бо менавіта ён калісці выказаў асабістую непавагу да яе, з чаго і пачалося скарачэнне яе ўжывання ў дзяржаўных ўстановах. Без нацыянальнай мовы, калі большасць насельніцтва размаўляе на рускай мове, ці ў лепшым выпадку на каланіяльнай трасянцы, якая можа быць нацыянальная ідэя? Тое ж , што ён разумее пад словамі нацыянальная ідэя, можа абсалютна не адпавядаць агульнапрынятаму паняццю. Тады да той ідэалогіі, якая ў нас абвешчана афіцыйна, дабавіцца такая ж убогая нацыянальная ідэя.
Іван Шэга