ШЫЗАФРЭНІЯ

На розных інтэрнэт-старонках апошнім часам чытаю навіны, якія выклікаюць адчуванне нейкай гідлівасці да тых, хто называе сябе ў нашай краіне праваахоўнікамі. Напрыклад, у Мінску затрыманы маладыя людзі, якія раздавалі ежу бяздомным.

Як вам гэта? Альбо затрыманы маладыя людзі за тое, што размаўлялі з карэспандэнтам БелаПан, разам з карэспандэнтам, а другія за воклічы “Жыве Беларусь!” падчас здымак фільма пра падзеі 2010 года. Ці: затрыманы фанаты БАТЭ, якія выказалі падтрымку Еўрамайдану ў Кіеве. Як вядома, украінскія футбольныя фанаты падтрымліваюць тых, хто зараз на Майдане. І фанаты БАТЭ праявілі салідарнасць з імі. Зараз на іх завялі справу.
У нас у Слоніме затрыманы маладыя людзі, якія “несанкцыянавана” каталіся з горкі на санках. У часы савецкага таталітарызму мы з сябрамі часта дамаўляліся і каталіся на санках, лыжах, ігралі ў футбол, хакей. І ніводнаму міліцыянту ў галаву не прыйшло б, што гэта нейкае правапарушэнне. Цяпер жа, згодна з існуючым у нас і прынятым “выбраннікамі народа” заканадаўствам, за гэта можна судзіць. Па-першае, аматары катання на санках з гары папярэдне дамовіліся катацца на санках, па-другое, яны там былі ўтрох. Калі не будзе адмашкі, то пасля перадачы справы ў суд стоадсоткава будзе нейкае пакаранне.

Я ўспамінаю, як у сакавіку 2013 года людзі ў цывільным з рацыямі некалькі гадзін запар хадзілі за нашымі актывістамі, каб не даць правесці спартыўную эстафету ў гарадскім парку. Было задзейнічана каля шасці спецаўтамабіляў, каб “прэсеч” спартыўнае мерапрыемства. Трохі раней, калі па ўсёй краіне пляскалі ў далоні па прычыне незадаволенасці сваім жыццём, мы дамовіліся прыйсці ў сквер на Першамайскай, каб паглядзець, ці ёсць у нас ахвотныя такім чынам выказаць свой пратэст. Такіх не было, і мы накіраваліся ў сквер ля аптэкі. Што тут пачалося! За намі ламанула некалькі чалавек у цывільным, некалькі спецаўтамабіляў. Хаця мы не рабілі ніякіх падазроных рухаў цела, да нас падышоў супрацоўнік міліцыі і праверыў нашы пашпарты. Дзякуй богу, не затрымалі.

Людзі! Гэта — ненармальна!

Тут могуць быць на гэтыя з’явы толькі два тлумачэнні. Альбо ў нас у Беларусі настолькі зашмат праваахоўнікаў, што ім рэальна няма чаго рабіць, вось і шукаюць хоць якую прычыну, каб паказаць сваю працу. Альбо ўся нашая краіна ператвараецца паступова ў адно вялікае псіхіятрычнае аддзяленне. Як па-іншаму можна патлумачыць забарону карміць бяздомных і пераслед за гэта? Альбо затрыманне маладзёнаў за тое, што яны дамовіліся, хай і ў сеціве, разам пакатацца з горкі на санках?

Па першым пункце адказ адназначны: Беларусь ператварылі ў паліцэйскую дзяржаву, дзе колькасць праваахоўнікаў у тры разы большая за колькасць вайскоўцаў. Па другім пункце тлумачэннем можа быць манія пераследу, калі людзям пры ўладзе ўвесь час падаецца, што вакол ворагі, якіх трэба баяцца і якія могуць адабраць і кармушку, і салодкае жыццё.

Нам усім тэрмінова патрэбен доктар.

Аўтар: Іван Шэга

Крыніца: http://www.gs.by/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика