КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

19 лютага 1920 года ў Арэнбургу нарадзіўся слонімскі настаўнік, краязнавец, заснавальнік і кіраўнік народнага музея СШ № 4 Аляксандр Жукоўскі.

Нарадзіўся ён у беларускай сям’і, якая, як і тысячы беларусаў, была эвакуіравана ў глыб Расіі. Сям’я Жукоўскіх апынулася аж у Арэнбургу, дзе іх напаткала вялікае гора. Там памерлі маці, два браты і сястра. Бацька Аляксандра Жукоўскага Сямён Мікалаевіч дамоў у родную вёску Ашнаравічы на Слонімшчыну вярнуўся з маленькім Сашам і са сваёй маці. Сашу Жукоўскаму тады было ўсяго 6 месяцаў. Але бацька хутка зноў ажаніўся і ў Сашы з гадамі з’явілася яшчэ 5 братоў і сясцёр.

Першым і галоўным настаўнікам Сашы Жукоўскага быў ягоны бацька — сельскі шавец, якога ў Ашнаравічах і ў навакольных вёсках добра ведалі, як дасціпнага чалавека і выдатнага майстра. Ён вельмі хацеў, каб сын атрымаў адукацыю. Таму спачатку хлопчык скончыў сямікласную польскую школу ў вёсцы Дзераўная, а потым, параіўшыся са сваім настаўнікам Стэфанам Іванашкам, здаў уступныя экзамены ў польскую дзяржаўную гімназію імя Т. Касцюшкі № 922 у Слоніме. Паколькі плаціць за навучанне Жукоўскаму не было чым, Стэфан Іванашка дапамог яму за дзяржаўны кошт паступіць у гімназію № 5 Ю.Панятоўскага ў Варшаву. Туды і паехаў вучыцца беларускі юнак. Там правучыўся да пачатку Другой сусветнай вайны і ў канцы 1939 года вярнуўся ў Слонім. Калі вярнуўся на радзіму, паступіў у Першую беларускую сярэднюю школу, якую закончыў паскораным тэмпам, бо датэрмінова здаў усе экзамены.

Падчас вайны Аляксандр Жукоўскі жыў з бацькамі ў Ашнаравічах. Працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Дзераўная. Вайна вайной, а дзяцей вучыць трэба было. Што і рабіў малады беларускі настаўнік.

Пасля вайны ўсё сваё жыццё звязаў з педагогікай. Ён скончыў гістарычны факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага беларускага педагагічнага інстытута, працаваў загадчыкам Ашнаравіцкай пачатковай школы, потым Ёцавіцкай, Горкаўскай школ на Дзятлаўшчыне, намеснікам дырэктара і дырэктарам Вішаўскай школы, потым дырэктарам Чамяроўскай васьмігадовай школы на Слонімшчыне і г.д.

У 1964 годзе Аляксандр Жукоўскі стаў працаваць настаўнікам гісторыі ў СШ №4 г. Слоніма. Але і тут ён займаўся не толькі педагогікай, але і краязнаўчай, музейнай справай. Створаны ім музей у СШ №4 г.Слоніма да сённяшніх дзён лічыцца адным з найлепшых школьных музеяў рэспублікі.

Пры жыцці Аляксандр Жукоўскі быў узнагароджаны шматлікімі нагруднымі знакамі, медалямі, граматамі, у тым ліку і граматай Савета Міністраў СССР. У 1990 годзе яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка культуры Беларусі. Але, на жаль, хадайнічалі ў гэтым не слонімскія чыноўнікі, а зусім іншыя людзі.

Цяпер музей СШ №4 г.Слоніма называецца “Народны музей імя А.С.Жукоўскага”.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика