ДЭЖАВЮ

Беларуская афіцыйная прапаганда час ад часу палохае нашага “чарачна-шкварачнага” абывацеля тым, што, і Еўропа, і Амерыка спяць і бачаць,  як-бы захапіць нашу выспу стабільнасці і росквіту, вырваць гэты, такі далікатны, крышталёвы сасуд – сінявокую Беларусь з рук, якія ўтрымліваюць яго ўжо двадцаць гадоў, і зрабіць яе сваёй калоніяй.

Самае дзіўнае, што значная колькасць людзей, якія маюць сярэднюю адукацыю, г.зн. умеюць чытаць і пісаць, а некаторыя адзначаны і вышэйшай адукацыяй, вераць у гэтыя прапагандысцкія байкі. Як вераць яны ў байкі аб братэрстве і бескарыслівай любові да Беларусі нашага ўсходняга суседа. Такое ўражанне, што ў іхніх мазгах нешта перамкнула, і яны сталі няздольнымі  правільна ўсведамляць тое, што адбываецца вакол іх. Шаноўныя, паверце, мы ў Еўропе нікому не патрэбныя. Там хапае сваіх дзівакоў. Мне падаецца, што там усіх нас з большага шкадуюць, як недалёкіх і не зусім разумных, а таксама вывучаюць,  як анамалію паводзін цэлага народа. Што тычыцца Амерыкі, то большасць яе жыхароў зусім слаба ведае геаграфію і нават не падазрае аб нашым з вамі існаванні. А паколькі ў нас няма багатых залежаў нафты, то і міжнародным карпарацыям, з большага, да нас няма справы. А вось наш сусед з Усходу — зусім другая справа.

Уся гісторыя Расіі-гэта захопніцкія войны супраць сваіх суседзяў. Мы бачым, што зараз яны развязваюць новую вайну з Украінай з мэтай захопу Крыма. Гэта асноўная іх мэта, што б яны не тлумачылі наконт абароны рускамоўнага насельніцтва. А яшчэ гэтая вайна – помста тым  ўкраінцам, якія не захацелі жыць па ўказцы з Крамля.  Больш таго, украінцы асмеліліся разагнаць сваіх зладзеяў-карупцыянераў, адхіліўшы іх ад улады. Расійскія ўлады карумпіраваныя не меньш, чым украінскія, пагэтаму яны баяцца паўтарэння кіеўскіх падзей у Расіі. Вось і стараюцца разрушыць Украіну, каб паказаць “сваім” да чаго могуць давесці  такія падзеі.

Самае ганебнае ў гэтым, што яны спрабуюць раздзьмуць у Украіне пажар міжнацыянальных канфліктаў для дасягненя сваіх мэтаў. Цяперашнія падзеі у Украіне, асабліва паводзіны “братэрскай” Расіі, павінны стаць для Беларусі  папярэджаннем, што давяраць нашаму усходняму саседу нельга. Мы так увязлі ў так званых інтэграцыйных працэсах з Расіяй,  што хутка можам застацца без уласных прадпрыемстваў. Нам ужо прапаноўвалі  ўвайсці у склад Расіі шасцю вобласцямі. Не выключаю, што наступным разам нас могуць элементарна прымусіць зрабіць гэта ваенным шляхам, спаслаўшыся на тое, што” рускамоўна-трасяначнага” насельніцтва ў нас большасць. А значыць можа ўзнікнуць неабходнасць яго абароны ад “нацыяналістаў”, якія асмельваюцца размаўляць на беларускай мове.

Іван Шэга

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика