Вербніца – у шчасце людзям верыцца…

Праглядаў на днях свае запісы і знайшоў верш, які напісаў некалькі гадоў таму. Верш мне спадабаўся, а называецца ён “Вербніца”:

Заўтра будзе Вербніца,

І вясна зноў вернецца,

І — Вялікдзень багаты,

І — вярба каля хаты.

Заўтра будзе Вербніца,

Хлопец не ажэніцца,

Пакуль пост не скончыцца —

Пачакай, хоць хочацца.

Заўтра будзе Вербніца,

Ў шчасце людзям верыцца…

Дык хай б’е нас вярба,

Б’е, каб знікла журба.

Апошняя нядзеля перад Вялікаднем называецца Вербніцай (Вербіч, Вярба, Вербная нядзеля, Пальмавая нядзеля). Спытаў у сваёй 83-гадовай маці, як некалі на вёсцы святкавалі Вербніцу. “На Вербніцу, — пачала ўспамінаць маці, — зрэзвалі галінкі вярбы і складвалі ў адзін пучок. Пучок абвязвалі рознакаляровымі шарсцянымі ніткамі. Атрымліваўся такі маленькі прыгожы венічак з вярбы. Потым гэты венічак ставілі ў слоічак з вадой, каб вярба распусцілася і зазелянела. А потым на Вербніцу з вярбой ішлі ў царкву. Там яе асвячалі. Асвечаную вярбу прыносілі дахаты. Дома асвечанай вярбой сцябалі адзін аднаго прыгаворваючы: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень — Вялікдзень”. А пасля гэту вярбу клалі за абразы. І яна там ляжала ўвесь год. А каляровыя нітачкі, калі хто вывіхне ногу ці руку, навязвалі на балючае месца. І імі лячыліся …”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У іншых вёсках Слонімшчыны з дапамогай асвечанай вярбы дзяўчаты праводзілі варажбу, сцябаўшы незнаёмых хлопцаў, пыталіся ў іх імёны, спадзяючыся даведацца пра імёны сваіх суджаных. Асвечаную вярбу нават бралі з сабой перад ворывам, калі збіраліся ў поле. Там вяскоўцы яе ўторквалі ў зямлю, каб збожжа было тоўстае і вялікае, як вярба. А ўлетку, пры набліжэнні навальніцы, асвечаны дубчык вярбы выстаўлялі на вакно, каб адагнаць хмару. Супраць граду галінку нават падпальвалі. Ад пажару білі вярбою кожны куток у хаце. Асвечаным дубчыкам выганялі кароў першы раз на пашу. Пастух павінен быў трымаць вербачку ўвесь дзень пры сабе, тройчы выцінаючы кожную жывёлу, а потым уторкваў або ў мурашнік. Каб яго статак быў дужы і не разбрыдаўся, або, вярнуўшыся, — у страху, каб жывёлы своечасова вярталіся дадому і не баяліся нечысці.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Нашы продкі спакон вякоў верылі, што, б’ючы галінкамі вярбы, можна перадаць чалавеку здароўе, жыццёвую моц, хараство гэтага дрэва, якое першае абуджаецца ад зімовага сну. Людзі казалі: “Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля”, “Вярба хлёс! Сякі да слёз, ні я сяку — вярба б’е, трэці раз на здароўе”, “Будзь здароў увесь год, як калядны лёд”, “Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба”, “Хвароба ў лес, здароўе ў косці” і г.д.

Заўсёды вярба выкарыстоўвалася і ў народнай медыцыне. У народзе даўно заўважана, што майстры, якія займаюцца пляценнем з вербалозу, рэдка пакутаюць ад сустаўных хваробаў. А маці мне расказала яшчэ некалькі вярбовых рэцэптаў. Напрыклад, кара вярбы спыняе крывацёкі. Для гэтага здробленай у парашок карой трэба прысыпаць рану. Кара любой вярбы дапамагае яшчэ пры галаўным болі. Галінку злёгку трэба размачыць, зняць кару і пакласці унутраным бокам на лоб ці цемя, а зверху завязаць хустачкай.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сок свежай вясновай кары ніцай вярбы можна выкарыстоўваць і як касметычны сродак. Кампрэс з гэтым сокам разгладжвае скуру, здымае дробныя запаленні, а таксама дабратворна дзейнічае на стомленыя, пачырванелыя вочы.

У зэльвенскага паэта Уладзіміра Мазго прачытаў такія радкі:

Сонцам радасць свеціцца

І няма журбы,

Бо сягоння Вербніца —

Свята у вярбы.

Сапраўды, Вербніца — свята вярбы. Ніводнае дрэва такога светлага, радаснага і вечнага свята не маюць, а толькі вярба. Але Вербніца — гэта яшчэ свята Вясны, нашай з вамі Вясны. Гэтую Вясну мы чакаем цэлы год, чакаем заўсёды, чакаем і спадзяемся, што яна прынясе нам Дабро і Святло. Таму штогод у асвечаных галінках вярбы мы нясём у свае хаты, у свае кватэры Любоў, Надзею, Веру.

Сёлета Вербніца выпала на нядзелю, 13 красавіка. І мы зноў хадзілі асвячаць вярбу, а таксама ўсе верым, што Усявышні  адвядзе ад нас і нашых блізкіх хваробы, гора, нястачы, хваляванні, што дасць Ён нам сілы змяніць наша жыццё да лепшага, а трывогі і праблемы перажыць, пераадолець, каб мы зажылі лепш на роднай зямлі, на сваёй Бацькаўшчыне.

Сяргей ЧЫГРЫН

 Фота аўтара

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика