Кніга «Да сваёй гісторыі: Сярэднявечча і Ранні Новы час» пабачыла свет у Мінску. Гэта зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаных памяці нашага земляка Паўла Лойкі (1958-2010) пад рэдакцыяй Васіля Вароніна.
У зборніку змяшчаюцца артыкулы, у якіх разглядаюцца розныя аспекты айчыннай і сусветнай гісторыі эпохі Сярэднявечча і Ранняга Новага часу — перыяду, які ўсё яшчэ недастаткова даследаваны ў беларускай навуцы і слаба вядомы шырэйшаму колу нашых суайчыннікаў. Якраз гэтыя часы грунтоўна даследаваў Павел Лойка, цяпер жа ягоную справу працягваюць вучні, шмат хто з якіх стаў аўтарамі зборніка. Асаблівая ўвага надаецца дыскусійным і маладаследаваным аспектам развіцця беларускіх зямель у першыя дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай.
Сямён САВАНЕЦ