Старшыня Слонімскага райвыканкама сустрэўся з журналістамі

Дзве гадзіны працягвалася сустрэча ў Слонімскім райвыканкаме старшыні райвыканкама Алега Таргонскага з мясцовымі журналістамі. Такая сустрэча ў райвыканкаме была наладжана ўпершыню. Упершыню за 17 гадоў існавання незалежнай “Газеты Слонімскай” на сустрэчу быў запрошаны і яе рэдактар Віктар Валадашчук.

За дзве гадзіны сустрэчы слонімскія журналісты паспелі задаць каля 20 пытанняў. У асноўным гэта былі пытанні, звязаныя з жыццём горада і раёна. У прыватнасці, старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі сказаў, што сёлета восенню ў Слоніме адбудуцца Гродзенскія абласныя дажынкі.

Журналісты пыталіся ў чыноўніка і пра помнік Льву Сапегу. “Я Слонімскі райвыканкам узначальваю толькі 100 дзён, таму не ў курсе наконт помніка Льву Сапегу. Сёлета плануем адкрыць у цэнтры горада помнік воінам-афганцам. Таму прапаную штогод у Слоніме адкрываць помнікі тым людзям, якія іх заслужылі, у тым ліку і Льву Сапегу”, –  сказаў Алег Таргонскі.

Што датычыць самага старога помніка ў Слоніме – сінагозе, якая была пабудавана ў 1642 годзе, спадар Таргонскі сказаў, што “мы шукаем фундатараў у Ізраілі, каб разам зберагчы гэты помнік”.

Па словах Алега Таргонскага, на сённяшні дзень на Слонімшчыне працуе 12 стратных прадпрыемстваў, а ў сельскай гаспадарцы Слонімскі раён знаходзіцца на апошнім месцы ў Гродзенскай вобласці…

Старшыня Слонімскага райвыканкама адказаў і на шэраг іншых пытанняў мясцовых журналістаў. Падобныя прэс-канферэнцыі Алег Таргонскі вырашыў праводзіць два разы ў год.

Міхась Акулка

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика