У Слоніме ўшанавалі памяць Міхала Казіміра Агінскага

На будынку Слонімскага драматычнага тэатра ўрачыста адкрылі мемарыяльную шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1728 – 1800) – гетману Вялікага княства Літоўскага, мецэнату, кампазітару, заснавальніку традыцый тэатральнага мастацтва ў Слоніме. Аўтар мемарыяльнай шыльды – слонімскі скульптар Леанід Богдан, які разам з кіраўніком слонімскай фірмы «Гранві» Уладзімірам Вількіцкім, бясплатна падаравалі Слоніму.

Мемарыяльную шыльду адкрылі сам скульптар, а таксама дырэктар тэатра Мікалай Лішык і старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Падчас адкрыцця мемарыяльнай шыльды прысутнічалі члены пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь разам з міністрам адукацыі Беларусі Сяргеем Маскевічам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сапраўды, з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага быў звязаны росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя. Агінскі пабудаваў у Слоніме некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны ў Слоніме і канал Агінскага.

У тэатры Міхала Казіміра Агінскага працавалі прафесійныя беларускія, польскія, нямецкія, італьянскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет.

Тэатр Агінскага ў Слоніме знаходзіўся на Опернай вуліцы. Але, на вялікі жаль, будынак тэатра да сённяшніх дзён не захаваўся. Але ёсць у Слоніме Оперная вуліца — назвы такой не мае ні адзін горад у свеце. І той, хто наведае Слонім, можа прайсціся па гэтай вуліцы, па якой некалі спяшаліся артысты ў свой славуты тэатр у Еўропе. А яшчэ захавалася аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я. Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Палова першага паверха аўстэрыі была адведзена пад гасціную, перакрытую чатырма ветразевымі скляпеннямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтай часткаю дома знаходзяцца шырокія скляпеністыя падвалы. Цэнтральная лесвіца вузкага вестыбуля вядзе на другі жылы паверх. Аўстэрыя — адзіная ўцалелая пабудова аднаго з цікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. Яна сёння дае ўяўленне аб агульным характары яго барочнай архітэктуры.

Слонім часоў Агінскага нярэдка называлі палескімі Афінамі. Сюды ў святочныя дні з’язджаліся вяльможы і багацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак. Скверы, сады, аранжарэі і рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланэза “Развітанне з Радзімаю”. Тут ён атрымаў пачаткую музычную адукацыю ў вядомага музыканта і кампазітара Іосіфа Казлоўскага.

Той тэатральны шлях, які пачаў у Слоніме Міхал Казімір Агінскі амаль 250 гадоў назад, працягваецца і сёння. У горадзе 24 гады існуе прафесійны дзяржаўны драматычны тэатр, які ставіць спектаклі па п’есах беларускіх, рускіх, польскіх, французскіх, украінскіх і італьянскіх драматургаў. А сёлета ў сакавіку на месцы старога Народнага дома адкрыўся новы будынак для тэатра. А цяпер на новым будынку тэатра з’явілася і мемарыяльная шыльда, прысвечаная Міхалу Казіміру Агінскага.

Міхась Акулка

Фота аўтара

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

P5130034JPG

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика