Выкралі радасць

Калісьці я быў вялікім аматарам футбола і хакея. Мог да паўночы сядзець ля тэлевізара, калі гулялі «нашы». У тыя часы, часы развітага сацыялізму, як прынята было казаць, спорт быў, вядома ж, вельмі палітызаваны. Мы, хто жылі за жалезнай заслонай, перажывалі і жадалі перамог у міжнародных матчах футбольнаму тбіліскаму і кіеўскаму «Дынама”. Мы перажывалі за хакейныя ЦСКА, Спартак і Крылы Саветаў, падчас іх турнэ па Паўночнай Амерыцы, за зборныя СССР. Таму, што яны былі «нашы». Сёння я не магу ўжо так шчыра перажываць за нашы каманды, хоць быццам бы павінна быць наадварот, бо гуляючыя сёння «нашы» сапраўды нашы нацыянальныя зборныя. Можа ўзрост віной таму? Думаю, не, хутчэй за ўсё чыннік у тым, што ў беларускім спорце, як і ў іншых галінах , штосьці не так. І гэта «не так» не дазваляе атрымліваць заўзятарам поўную радасць ад гульні любимай каманды. На жаль ў нас ні ў чым няма пачуцця меры. Калі каментатар пачынае любы поспех падаваць выключна як заслугу асабіста прэзідэнта, гэтая непрыкрытая ліслівасць трохі раздражняе. Я, вядома, разумею, што чалавек любіць спорт і шмат для яго робіць, але пры гэтым не шкодзіла б сціплей быць. Лукашэнка безумоўна шмат зрабіў для развіцця хакея ў Беларусі. Укладзены ў гэты від спорту вялікія сродкі, панабудованы лёдавыя палацы, толькі вось аддачы пакуль не назіраецца. Ёсць вялікія надзеі на чэмпіянат свету 2014 года, калі большасць каманд-лідараў будуць выступаць другімі складамі. Можа быць, на гэтым фоне фартуна, нарэшце, усміхнецца нашай зборнай? Вось ужо будзе ўслаўленняў нашаму ўсенародна абранаму! І вось 9 траўня пачаўся чэмпіянат свету па хакеі з шайбай, які ўпершыню пройдзе ў нашай краіне. Так бы мовіць, доўгачаканы трыўмф з аднаго боку, і адначасова няўдалая спроба байкоту з іншага. Узнікае пытанне, навошта ж было трыумфатарам азмрочваць гэта свята спорту тэрорам, развязаным супраць моладзевых актывістаў? Гэта датычыцца і нашага спакойнага горада, дзе быў затрыманы Зміцер Юшкевіч, які прыехаў пагасцяваць да маці. Затрымоўваюць маладых людзей па надуманых абвінавачваннях і даюць па 20 сутак. Ідэя гэтых затрыманняў ясная — прафілактыка, так бы мовіць, выступаў, масавых мерапрыемстваў з мэтай паказаць замежнікам, як у нас усё ціха і спакойна. Але ж пры гэтым затрымоўваюць людзей — ні завошта, асуджаюць — ні завошта. А зараз, ведаючы гэта, скажыце, як можна шчыра радавацца за нашу каманду? Скажаце, гульцы не вінаватыя ў гэтых дзеяннях? Не пагаджуся з Вамі. Мы ўсе вінаватыя ў тым, што хтосьці можа дазволіць сабе так паступаць з намі і нашымі дзецьмі. Я асабіста за перамогу такіх «нашых»  перажываць не змагу і не буду!

Іван Шэга

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика