КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

25 траўня 1905г. — нарадзіўся беларускі паэт, грамадскі дзеяч у Канадзе Сяргей Хмара (Сяргей Сіняк). У 1930-1940-я гады жыў у Слоніме.

Нарадзіўся ён ў 1905 годзе ў Казлоўшчыне (зараз Дзятлаўскi раён Гродзенскай вобласцi).

У 1925 годзе засноўваў беларускія нелегальныя школы. Актыўны ўдзельнік Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады.

Арганізатар Таварыства Беларускай Школы, быў інструктарам Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы ў Вільні, удзельнічаў у канферэнцыі Грамады ў Баранавічах, быў сакратаром пасольскага клуба “Змаганне”.

У сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя С. Хмара арганізаваў на Слонімшчыне 32 гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У Слоніме паэт жыў з канца 30-х і ў пачатку 40-х гадоў.

1928 год – падсудны ў цэнтральным працэсе Грамады ў Вільні, арганізатар беларускіх кааператываў на Палессі.
Спрабаваў заснаваць Беларускую гімназію ў Пінску і выдаваць там-жа беларускі часопіс.

1932 год – удзельнік 2-га працэсу Б. Тарашкевіча — сесія у Пінску (зняволянне: Пінск, Сельцы, Грудзёндз. Быдгашч. Рэдактар 3-х турэмных часопісаў.),

1937 г. – лагер Картуз-Бяроза,

1939 г. – «вызваленне» і турма ў Мінску.

У 1939 годзе выдаў у Вільні свой першы паэтычны зборнік “Жураўліным шляхам”.

У гады Другой сусветнай вайны ў Слоніме працаваў на раённым радыё, а таксама быў дырэктарам Слонімскай гарадской управы. Прымаў удзел у палітычным кіраўніцтве партызанкі, арганізатар Брыгады Беларускае Самаабароны. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

За сваю беларускую творчую і палітычную дзейнасць пры паляках, пры немцах і пры саветах С. Хмара-Сіняк адседзеў у турмах каля 11 гадоў.

Пасля вайны Сяргей Хмара жыў у Германіі, а потым у Канадзе, дзе разгарнуў кіпучую дзейнасць па стварэнню беларускіх часопісаў, аб’яднанняў і інш.. Выдаваў у Таронта газету “Беларускі голас” і часопіс “Баявая Ўскалось”. У 1986 годзе выдаў кнігу “Аб Богох крывіцкіх сказы”.

Памёр у Таронта 4 верасня 1992 года.

 

25 траўня 1898 – У Ленчыцах (Польшча) нарадзіўся Канстанцін Кіслы, беларускі праваслаўны, грамадска-культурны дзеяч, кампазітар і дырыжор. У пачатку 1930-ых жыў і дзеіў у Слоніме.

Канстанцін Кіслы паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у г. Каліш. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў г. Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. У час вучобы на занятках прафесара музыкі кампазітара Салаўёва выявіў музычныя здольнасці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 г. прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора выканаў і дзве беларускія песні («Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям’ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У 1918 г. скончыў настаўніцкую семінарыю. Пачатак грамадзянскай вайны ў Расеі і ваенныя дзеянні закінулі яго ў Турцыю, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе арганізаваў царкоўны хор пры Праабражэнскім саборы. Адначасова стварыў мясцовы свецкі хор. У 1933 г. пераехаў у Беласток. Арганізаваў школьны царкоўны хор пры саборы св. Мікалая, а таксама свецкі хор пры Таварыстве беларускай школы. У 2-й палове 1930-х гадоў на іх аснове быў створаны агульны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных улад, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў. З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі быў арыштаваны органамі бяспекі. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры. У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў кантакты з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 г. выступаў з публічнымі канцэртамі. У хуткім часе хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа. З чэрвеня 1944 г. — у эміграцыі. Пэўны час жыў у Германіі. Пазней, у 1948 г., перабраўся ў Бельгію, дзе працаваў на вуглездабывальнай шахце. Пасля смерці вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага быў запрошаны на пасаду дырыжора студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў г. Лёвен. Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Эўропе. З ансамблем выступаў у Бруселі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне. З траўня 1956 г. — у ЗША. Жыў у г. Кліўленд, дзе прымаў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. У якасці дырыжора супрацоўнічаў з беларускімі царкоўнымі і свецкімі харамі. У 1950-я гады прымаў удзел у рэарганізацыі кліўлендскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». У Кліўлендзе адкрыў уласную інструментальна-музычную студыю. Цяжка хварэў. Вярнуўся ў Беласток, дзе 08.01.1980 памёр.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика